Правілы пастаноўкі працяжніка §61
Працяжнік ставіцца паміж дзейнікам і выказнікам:
калі абодва галоўныя члены сказа выражаны назоўнікам у назоўным склоне і пры выказніку адсутнічае дзеяслоў-звязка.
Напрыклад:Мінск – сталіца, гордасць наша, слава ўсёй краіны (Я.Купала).
Матчыны рукі – залатыя рукі (І.Мележ).
Фразеалогія – раздзел мовазнаўства, які вывучае семантычныя, граматычныя і стылістычныя асаблівасці ўстойлівых выразаў.
Прастора і час – усеагульныя формы каардынацыі з’яў і падзей;
калі абодва галоўныя члены ці адзін з іх выражаны неазначальнай формай дзеяслова.
Напрыклад:Вучыцца ў народа – задача кожнага пісьменніка (К.Чорны)
Хату зрабіць – не скрынку збіць (Прыказка).
Дзетак узгадаваць – не грыбкоў назбіраць (Прыказка);
калі перад выказнікам ёсць словы гэта, вось, значыць, гэта значыць, гэта ёсць.
Напрыклад:Паэзія – гэта пакута і радасць, праклён і бязлітаснасць, споведзь і гордасць (П.Панчанка).
Кожны чалавек – гэта цэлы свет (К.Чорны).
Цімох і Гануля – вось роўная пара (Я.Купала).
Ігнараваць мову – гэта значыць ігнараваць народ, нацыю (П.Пестрак);
калі дзейнік і выказнік выражаны лічэбнікамі або адзін з іх выражаны назоўнікам у назоўным склоне, а другі – лічэбнікам ці колькасна-іменным спалучэннем.
Напрыклад:Пяць і тры – восем.
Шэсцьдзясят і пяцьдзясят – сто дзесяць.
Плошча Нарачы – восемдзясят квадратных кіламетраў.
Плошча басейна Нёмана – 98,2 тыс. км2;
калі выказнікам выступае ўсечаная форма дзеяслова, выклічнік або гукапераймальнае слова.
Напрыклад:Уладзік зараз – шмыг у дзверы (Я.Колас).
А куля – дзык! А другая ў руку (Я.Брыль).
Я – хоп за павады! Конь спужаўся, а я – скок на яго (Я.Колас).
Працяжнік ставіцца перад абагульняльным словам пасля аднародных членаў.
Напрыклад:І двор, і дарога, і лес – усё было занесена белым снегам (І.Пташнікаў).
Адчуванне дакладнасці слова, уменне карыстацца ім, культура мовы і пісьменнасць – усё залежыць ад таго, як загучала слова, пачутае ў маленстве (В.Вітка).
Калі пасля аднародных членаў перад абагульняльным словам ужыта пабочнае слова або спалучэнне слоў словам, адным словам, карацей кажучы, то працяжнік ставіцца перад пабочным словам, а пасля яго – коска.
Напрыклад:Начны лес, ціхі, ледзь улоўны гул маразявых сосен, цішыня лясных нетраў – адным словам, усё настройвала на роздум (М.Зарэцкі).
Калі аднародныя члены сказа стаяць у сярэдзіне сказа пасля абагульняльнага слова, то перад імі ставіцца двукроп’е, а працяжнік – пасля іх.
Напрыклад:Хутка ўсё: неба, і дарога, і чэзлыя балотныя хмызнякі – патанула ў снежнай завірусе (Я.Колас).
Усё: і хмурнае неба, і мёрзлая чорная зямля – было ахоплена нечым сумным, халодным і грозным (К.Чорны).
Працяжнік ставіцца паміж аднароднымі членамі сказа, калі прапушчаны супраціўны злучнік.
Напрыклад:Не плача – смяецца шчаслівая маці (М.Багдановіч).
На чарговым прыпынку ў пярэднія дзверы не ўвайшоў – ускочыў малады, як і шафёр, хлопец (Ф.Янкоўскі).
Гаспадар павёў яго не ў жылы катэдж – у лазню… (І.Шамякін).
Не сваімі – чужымі нагамі гаспадар падышоў да каня (П.Глебка).
Працяжнік ставіцца перад злучнікам і паміж двума членамі сказа, калі другі з іх выражае вынік, хуткую змену падзей, нечаканасць.
Напрыклад:А ўбачыў Машу – і адразу падабрэў (І.Шамякін).
Зірнеш – і зрэдку дзе ўбачыш адзінокі яблык, што блішчыць між лісця на апошнім сонцы (Я.Сіпакоў).
Калі злучнік і звязвае два аднародныя выказнікі, з якіх другі выражаны ўсечанай формай дзеяслова, то паміж імі заўсёды ставіцца працяжнік – перад злучнікам або пасля яго.
Напрыклад:Пахіснулася хвоя – і бразь на зямлю (Я.Колас).
Да рэчкі жаданай прабраліся хлопцы і – стоп! (Я.Колас).
Працяжнік ставіцца перад недапасаваным азначэннем, выражаным неазначальнай формай дзеяслова ці спалучэннем з гэтай формай.
Напрыклад:Усіх непакоіла адна думка – выстаяць (М.Лынькоў).
Міканор успомніў бацькаў наказ – паглядзець, ці не прадаюць кос (І.Мележ).
Працяжнік ставіцца перад неразвітым або развітым прыдаткам, які стаіць у канцы сказа:
калі ў прыдатку тлумачыцца, удакладняецца змест азначаемага назоўніка і перад ім без змянення сэнсу можна ўставіць словы іменна, а іменна.
Напрыклад:Пацягнуўся лес сцяною – ельнік, дуб і хваіна (Я.Колас).
За ўвесь час яна ні разу не глянула на свайго суседа – Лабановіча (Я.Колас);
калі прыдатак адносіцца да займенніка.
Напрыклад:Наперадзе ішоў ён – таварыш Дарожка (П.Пестрак).
Вось яна – дзявочая пекната (І.Шамякін).
Ён паспеў ужо коратка перазнаёміцца з усімі ў гэтым доме і стаць быццам сваім чалавекам – гэты малады і вясёлы хлопец (К.Чорны);
калі неабходна падкрэсліць адценне самастойнасці прыдатка.
Напрыклад:А вось і сам гаспадар гэтай хаты – Трахім (К.Крапіва).
Андрэй сядзеў, апёршыся на край стала, і дапытліва пазіраў на людзей – на моладзь і старых (П.Пестрак).
Працяжнік ставіцца ў няпоўных складаных сказах на месцы прапушчанага члена сказа.
Напрыклад:З аднаго боку дарогі стаяў рэдкі хвойнік, а з другога – кусты ядлоўцу, а далей – алешнік (Я.Колас).
Раны гояцца часам, а дружбаю – гора (А.Куляшоў).
Вось прабегла імгненне, затым – залатая мінута (Я.Янішчыц).
Калі ўстаўная канструкцыя знаходзіцца паміж часткамі, дзе павінна ставіцца коска, або ў канцы самой устаўной канструкцыі ёсць гэты знак прыпынку, то коска спалучаецца з працяжнікам і ставіцца перад другім працяжнікам.
Напрыклад:Каб дабрацца да надзелу цёткі Насці – так завуць жонку бацькавага брата, – трэба прайсці каля будкі, у якой яшчэ нядаўна яны жылі… (І.Навуменка).
Дзяўчына – мачыха дазналася ўжо, што завуць яе Параска, – прывяла воз на двор «воласці», сказала, што яна жыве тут, на першым паверсе, з боку двара (І.Мележ).
Працяжнік ставіцца паміж часткамі складаназлучанага сказа, калі ў другой частцы падкрэсліваецца вынік у адносінах да першай, калі перадаецца нечаканасць, хуткая змена падзей або супрацьпастаўленне.
Напрыклад:Момант – і ў веснічках паказалася Аленка… (Я.Колас).
Сярэдзіна кастрычніка – і такі мароз (І.Шамякін).
Пытаўся, шукаў – і ні слыху ў адказ, ні следу нідзе, ні далёкага рэха (П.Панчанка).
Узяўся чытаць – і не чыталася (М.Гарэцкі).
Працяжнік ставіцца ў бяззлучнікавых сказах паміж часткамі:
калі ў першай частцы ўказваецца на ўмову або час дзеяння, пра якое паведамляецца ў другой частцы.
Напрыклад:Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям – поўны гуслі насыплю дукатаў (Я.Купала).
Вецер загуляе – хвойнік, лозы гнуцца (Я.Колас).
Падрасцеш вялікі – раскажу тады (П.Глебка);
калі ў другой частцы паказваецца вынік або робіцца вывад з таго, пра што паведамляецца ў першай частцы.
Напрыклад:Шмат зорак у небе – добра жывёла расплодзіцца. Густая шэрань на галіны лягла – ад яблыкаў, ад ігруш дрэвы да самай зямлі прыгнуцца (Л.Дайнека).
Ранак луг расой купае – дзень гарачы будзе (А.Бачыла);
калі змест частак супрацьпастаўляецца ці супастаўляецца.
Напрыклад:Клікнуць хацелася – голас замёр (П.Броўка).
Маці будзіла снедаць – ён не ўстаў (І.Навуменка);
калі ў сказе гаворыцца пра хуткую змену падзей або ў другой частцы паказваецца неадпаведнасць, нечаканы вынік таго, пра што паведамляецца ў першай частцы.
Напрыклад:Бліснула маланка – стала відна як удзень (С.Грахоўскі).
Глянуў я туды-сюды – нікога не відаць (Я.Колас).
Ён паслухаў – ціха ўсюды (Я.Колас);
калі апошняя частка з’яўляецца абагульняльнай у адносінах да папярэдніх.
Напрыклад:Ціха булькатала вада ў канаве, сыпалася лісце, чырыкалі недзе вераб’і – усё гэта было такім звыклым, добрым, прыгожым (М.Гамолка).
Дол засланы шышкамі, цвіце сунічнік, бруснічнік, перагукваюцца птушкі, звіняць камары – усё тут знаёмае… (І.Навуменка);
калі другая частка з’яўляецца далучальным сказам.
Напрыклад:І разгарэлася ігрышча – даўно такога не было (Я.Колас).
Андрэй быў у добрым гуморы – гэта адразу кідалася ў вочы (М.Зарэцкі);
калі другая частка з’яўляецца параўнаннем у адносінах да першай.
Напрыклад:Слова сказаў – сякераю адсек (Прыказка).
Працяжнік ставіцца паміж двума словамі, якія абазначаюць прасторавыя, часавыя або колькасныя межы (гэтыя словы замяняюць словазлучэнні з прыназоўнікамі ад (з) … да.
Напрыклад:Пасажырскі поезд «Мінск – Масква» прыбыў на станцыю Орша.
Яр быў метры чатыры ў шырыню, метраў пятнаццаць – дваццаць глыбінёю, а ў даўжыню цягнуўся метраў на шэсцьдзесят (У.Караткевіч).
Працяжнік ставіцца паміж двума ці некалькімі найменнямі ў назвах вучэнняў, законаў, падзей і інш.
Напрыклад:Закон захавання матэрыі Ламаносава – Лавуазье быў вялікім навуковым адкрыццём ХVІІІ стагоддзя.
Шахматны матч Карпаў – Каспараў закончыўся ўнічыю.
Працяжнік не ставіцца, калі выказнік, выражаны ўсечанай формай дзеяслова, інтанацыйна не выдзяляецца.
Напрыклад:Я тым часам шмыг за дзверы (З.Бядуля).
Даніла шусь тут у вароты з жалезным ёмкім сахаром (Я.Колас).
Працяжнік паміж дзейнікам і выказнікам, выражанымі назоўнікам або назоўнікам і займеннікам ці прыметнікам, не ставіцца:
калі паміж галоўнымі членамі сказа стаіць прыслоўе або часціца.
Напрыклад:А мой бацька таксама партызан (І.Шамякін).
Дзед Талаш не проста праваднік у Букрэевай разведцы (Я.Колас);
калі паміж галоўнымі членамі сказа стаіць пабочнае слова ці адасоблены член сказа (акрамя прыдатка).
Напрыклад:Хлопцы, відаць, добрыя рыбакі (Я.Сіпакоў).
Хлопец, апрануты ў салдацкі шынель, наш зямляк (К.Чорны);
калі дзейнік стаіць пасля выказніка.
Напрыклад:Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман (Я.Колас);
калі перад выказнікам ёсць адмоўе не.
Напрыклад:Сам сабе чалавек не вораг (Прыказка).
Сляпы сляпому не павадыр (Прыказка);
калі пры выказніку ўжываюцца параўнальныя злучнікі як, усё роўна як, быццам, быццам бы, бы, нібы, што.
Напрыклад:Жыта як сцяна (І.Навуменка).
Аблокі нібы воўна (Я.Янішчыц).
Вясенні луг што выстаўка народнага мастацтва (І.Шамякін);
калі дзейнік выражаны асабовым займеннікам, а выказнік – назоўнікам у назоўным склоне.
Напрыклад:Пасівелы мой лес, я твой вечны паклоннік, я твой вечны даўжнік (Я.Сіпакоў);
калі дзейнік выражаны назоўнікам, а выказнік – прыметнікам.
Напрыклад:Неба чыстае, васільковае (А.Якімовіч).
У познюю восень вада пад мастком чыстая і халодная (К.Чорны).
Працяжнік можа ставіцца пры сэнсава-інтанацыйным выдзяленні:
выказніка.
Напрыклад:Рак – не рыба, кажан – не птушка (Прыказка).
Лёдам гасцінец мой выбіты, выліты, лёд – як магіла сама (Я.Купала).
Я – чалавек, мне трэба жыць, тварыць, а не гарэць у полымі напалму (А.Зарыцкі).
Неба – высокае, блакітнае (Я.Маўр);
двух ці больш дапасаваных азначэнняў, што стаяць звычайна ў канцы сказа.
Напрыклад:Сонца зайшло, і пачалося змярканне – ціхае, свежае, з расой і камарамі (Я.Брыль).
Запальваліся то тут, то там зоры – вясёлыя, мігатлівыя (Б.Сачанка).
Паказалася нават сонца – чырвонае, нізкае (Б.Сачанка);
прыдатка або групы аднародных прыдаткаў, якія стаяць у сярэдзіне сказа пасля азначаемага назоўніка, калі неабходна падкрэсліць самастойнасць прыдаткаў.
Напрыклад:Начны драпежнік – сава – бясшумна плыве ў паветры (В.Вольскі).
Грабцы – дзяўчаты, маладзіцы – штораз варушацца жывей, бо чуюць голас навальніцы (Я.Колас).
Калі патрабуецца пастаноўка пасля адасобленага прыдатка коскі, то другі працяжнік апускаецца:Падаюць сняжынкі – дыяменты-росы, падаюць бялюткі за маім акном (П.Трус);
даданых членаў сказа, якія знаходзяцца ў канцы сказа.
Напрыклад:Каля школы шчабяталі дзеці – звонка, радасна (Я.Колас);
даданай часткі складаназалежнага сказа, якая можа знаходзіцца перад галоўнай часткай або пасля яе.
Напрыклад:Цаніце чалавека заўсёды пры жыцці. Калі заплюшчыць векі – ён згіне ў небыцці (П.Панчанка).
Што думаў бацька – не ведаю (Я.Брыль).
Хто птушку пакрыўдзіць – той сам сабе здрадзіць (П.Панчанка).
Тады магутная краіна – калі пявучы ў ёй народ (Я.Янішчыц).
Смяюся, калі плакаць трэба. Журба – калі на вуснах смех (Я.Янішчыц).
Працяжнік можа ставіцца ў няпоўных простых сказах на месцы прапушчанага члена сказа.
Напрыклад:Па суседству з Белым возерам знаходзіцца другое – Чорнае (В.Вольскі).
Праз шум эшалона прарваўся недалёкі гарматны выбух. Затым яшчэ некалькі – большай сілы (І.Мележ).
У цёмным небе – карагоды сіняватых зорак (М.Багдановіч).
Працяжнік можа ставіцца ў сказе, каб пазбегнуць двухсэнсоўнасці выказвання.
Напрыклад:Ты што – забыўся? Параўн.: Ты што́ забыўся?
І якія людзі незвычайныя – таленты! Параўн.: І якія людзі – незвычайныя таленты!
Працяжнік можа ставіцца для выдзялення ўстаўных канструкцый.
Напрыклад:Алеся – ёй было ўжо каля дзесяці гадкоў – сядзела за праснічкаю (Я.Колас).
Балота зрабілася сівое ад попелу, і па ім – уначы было відаць з вёскі – бегаў агонь, адгаралі высушаны альшэўнік і ніцая лаза, што раслі высока на куп’і (І.Пташнікаў).