Правілы пастаноўкі дужак §62
У дужкі бяруцца ўстаўныя словы, спалучэнні слоў і сказы, якія аб’яднаны з асноўным сказам сэнсавай сувяззю і служаць у якасці заўваг, удакладненняў і пад.
Напрыклад:У руках у яго вялікая галка камякоў (бульбяной кашы) (К.Крапіва).
Узялі мы вуды, кацялок для юшкі, сачок (на ўсякі выпадак) і рушылі на рыбалку (А.Якімовіч).
Мы, дзеці, сядзелі на нашым бярвенні (бацька збіраўся ставіць новую хату і таму навазіў ужо многа лесу) і рабілі сабе свістулькі з вярбовых пруткоў (Я.Сіпакоў).
У яго тады жыла запаветная мара – стаць лётчыкам (калі не лічыць таго, што адзін час, нядаўна, ён захапляўся геалогіяй, каб знаходзіць затоеныя багацці) (І.Мележ).
У дужкі бяруцца словы і спалучэнні слоў (разам з адпаведным знакам прыпынку), якія выражаюць рэакцыю, адносіны слухачоў да чыёй-небудзь прамовы, выказвання, рэплікі.
Напрыклад:С т а р ш ы н я. … Пажадаем жа яму далейшых поспехаў. (Бурныя апладысменты.)
А н д р э й. … Да новай сустрэчы, сябры. (Апладысменты.)
Ц і м о х. … Так мяне ашукалі! (Смех.)
Г а н н а. … Хто не дбае, той не мае, людцы мае! (Гучны смех.)
Б р ы г а д з і р. … Такое не часта сустракаецца. (Вясёлае ажыўленне ў зале.)
А н і с і м. … Таму кожны павінен атрымаць сваю долю. (Воклічы: «Правільна!»)
С а к р а т а р. Ці будуць пытанні да прысутных? (Галасы: «Хопіць!»)У дужкі бярэцца прозвішча аўтара або прозвішча аўтара і крыніца (назва твора), з якой прыводзіцца цытата.
Напрыклад:Каля пасады лесніковай цягнуўся гожаю падковай стары, высокі лес цяністы (Я.Колас. «Новая зямля»).
Пасля цытаты, непасрэдна за якой у гэтым жа радку ў дужках змяшчаецца спасылка на аўтара або на аўтара і крыніцу (г.зн. перад адкрывальнай дужкай), захоўваецца адпаведны знак прыпынку – пытальнік, клічнік або шматкроп’е.
Напрыклад:Эпіграфам да працы ўзяты словы: «А там, над Нёманам, плывуць чаўны ў прасторы, там спевы коцяцца ў нямую далячынь» (П.Трус. «Ліст да сястры»).
Прыгадаліся знаёмыя радкі: «Чым сустрэла мяне мая вуліца, як я выходзіў?» (А.Куляшоў. «Сцяг брыгады»).
Няхай для нас палеткі родзяць, няхай для нас сады цвітуць! (П.Панчанка).
Насустрач цягніку выходзяць з-за ўзгорка маладыя алешыны, дубы, хвоі… (П.Галавач).
Калі ж спасылка на аўтара ці на аўтара і крыніцу змяшчаецца асобна ўнізе пад тэкстам, тады ў канцы тэксту (цытаты) ставіцца кропка ці іншы адпаведны знак прыпынку (пытальнік, клічнік, шматкроп’е) і спасылка ў дужкі не бярэцца.
Напрыклад:Любіце сваю зямлю аддана і да канца. Іншай нам не дадзена, дый не трэба.
У. Караткевіч.…Максім Багдановіч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзіі як высокаталенавіты паэт і майстра паэтычнай формы. …Тое, што напісаў ён за сваё кароткае жыццё, ставіць яго ў першыя рады нашых лепшых песняроў.
Якуб Колас. «Выдатнейшы паэт і крытык».У дужкі бяруцца рэмаркі аўтара ў драматургічным творы.
Напрыклад:А л ь ж б е т а (убягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?
П а ў л і н к а. Кабыла дзядзькава ўцякла ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые) (Я.Купала).Пасля ўстаўной канструкцыі (перад закрывальнай дужкай) ставіцца пытальнік, клічнік або шматкроп’е, якія патрабуюцца кантэкстам, а кропка не ставіцца.
Напрыклад:Быў узгорак, так як бубен, але Ціт пасеяў лубін, дык (ці веры вы дасце?), як чарот, жытцо расце (К.Крапіва).
Змітрок (добры ён хлопец!) чытае розную літаратуру (В.Каваль).
І толькі школа (я адразу ўбачыў яе і беспамылкова пазнаў) стаяла за гародамі, бліжэй да лесу (І.Шамякін).