Правільна!

Правілы пастаноўкі двукроп’я §60

  1. Двукроп’е ставіцца перад пералічэннем аднародных членаў, калі перад імі ёсць абагульняльнае слова (займеннік, прыслоўе, назоўнік) або словы напрыклад, а іменна.
    Напрыклад:

    Наогул яе [настаўніцу] любілі ўсе: вучні, настаўнікі, калгаснікі (І. Шамякін).
    Усе былі апрануты па-святочнаму: чысценька і прыгожа (Я.Колас).
    На прыгуменні, поруч з садам, павець з гумном стаяла радам, а пад паветкаю прылады: вазок, калёсы, панарады, старыя сані, восі, колы і вулляў некалькі на пчолы… (Я.Колас).
    На ўроках мовы праводзяцца розныя віды работ, напрыклад: дыктанты, сачыненні, пераказы і інш.

  2. У афіцыйных паперах, дакументах, у навуковых працах, зрэдку ў мастацкіх тэкстах двукроп’е перад аднароднымі членамі ставіцца і тады, калі перад імі адсутнічае абагульняльнае слова.
    Напрыклад:

    Да заявы прыкладаюцца: … .
    На нарадзе прысутнічалі: … .
    Вучылішча рыхтуе: токараў, слесараў … .

  3. Двукроп’е ставіцца перад пералічэннем аднародных азначэнняў, якія выражаны прыметнікам або назоўнікам ці займеннікам і адносяцца да паясняльнага папярэдняга назоўніка.
    Напрыклад:

    Вялася звычайная размова знаёмых людзей у першыя хвіліны сустрэчы: пра надвор’е, пра здароўе, пра навіны.

  4. Калі аднароднымі членамі з папярэднім абагульняльным словам сказ не заканчваецца, то перад імі ставіцца двукроп’е, а пасля іх – працяжнік.
    Напрыклад:

    Рыбацкая снасць: сетка, нераткі, вуды – была адмысловая ў дзядзькі Марціна (Я.Колас).
    Бацька прыбраў з воза ўсё: плуг, барану, мяшкі з бульбай – і ўвайшоў у хату (М.Зарэцкі).

  5. Двукроп’е ставіцца перад аднароднымі членамі, якія тлумачаць, удакладняюць значэнне папярэдніх слоў.
    Напрыклад:

    На скорым часе ранічкою Алесь у кепскім быў настроі: хадзіў, бурчаў, не змоўчваў маме, усё дагары вярнуў нагамі (Я.Колас).
    Яна ўзялася за работу: набрала бярэмя дроў, унесла ў хату і, запаліўшы газоўку, стала класці іх у печ (К.Чорны).

  6. Двукроп’е ставіцца паміж часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, калі ў другой частцы раскрываецца змест ці ўказваецца прычына таго, пра што гаворыцца ў папярэдняй частцы.
    Напрыклад:

    Аўгіня пускаецца на хітрасць: яна крута верне свой човен наперарэз Мартынаваму чоўну (Я.Колас).
    Яна дамаглася свайго: сталовая ўжо красавалася жоўтай страхою (П.Броўка).
    Але пагаварыць яму так і не ўдалося: гаспадыня запрашала гасцей за стол (Я.Колас).

  7. Двукроп’е можа ставіцца паміж трыма часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, у якім кожная наступная частка ў адносінах да папярэдняй абазначае прычыну, выражае ўдакладняльна-тлумачальнае значэнне і інш.
    Напрыклад:

    Але справа тут не ў часе была: недаверлівыя залацінцы другое мелі ў думках: каб не прыбраў часам гэты інструктар і сад, і агарод, і сенакос (Я.Колас).
    Прашу: хоць раз задумайцеся, людзі: на што мы трацім лепшыя гады? (А.Бачыла).

  8. Двукроп’е ставіцца паміж дзвюма часткамі бяззлучнікавага складанага сказа, першая з якіх заканчваецца дзеясловамі бачыць, глядзець, разгледзецца, чуць, адчуць, адчуваць, заўважыць, зразумець, ведаць, верыць, казаць, разумець і інш., пры дапамозе якіх указваецца, што далей будзе ісці паведамленне пра які-небудзь факт, падзею, з’яву і пад.
    Напрыклад:

    [Зося] заўважыла: Янка ўжо там, за вушаком дзвярэй (Г.Далідовіч).
    Праз туман разгледзеўся цяпер я: над палянай жоўкне поўны месяц (М.Лужанін).
    Адным словам сказаць, усе бачылі: яна і прыгожая, і ўдалая (К.Чорны).
    Няхай усё гэта песня нагадала, але я веру: устане горад мой (М.Танк).
    Алесь зразумеў: нервовасць Кастуся можа сапсаваць справу (У.Караткевіч).
    Праз вокны відаць: на ўсходзе разгараецца раніца (М.Лупсякоў).

  9. Двукроп’е ставіцца пасля сказаў або слоў, якія ўводзяць у тэкст простую мову.
    Напрыклад:

    Лагодненька ўмее гаварыць дзед Павал: «Не хадзі ты, Агатка, далёка» (Я.Колас).
    Ціха шэпчуць за парканам дзеці: «Вунь новая настаўніца ідзе» (С.Грахоўскі).
    Рая прапанавала: «Хлопцы, дзяўчаты! Давайце наведаем Данілу Платонавіча!» (І.Шамякін).

Запосціць
Адправіць