Коска пры сцвярджальных, адмоўных і пытальных словах §55
Коскай аддзяляюцца сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў пачатку сказа, калі яны звязаны са сказам, які раскрывае, канкрэтызуе іх сэнс: так, але, ага, ну, што ж, як жа, не, што, як і інш.
Напрыклад:Так, трэба прыняць гэтыя заўвагі.
Не, не такою я хацеў сустрэць цябе, сястра! (Я.Скрыган).
Што, грыбоў яшчэ няма? (Я.Колас).
Як, ты гэтага яшчэ не зрабіў?
Калі пры такіх словах стаяць узмацняльныя часціцы, то коскай яны аддзяляюцца разам.
Напрыклад:Ой не, пакідаць таварыша ў бядзе нельга (Я.Маўр).
Калі сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы паўтараюцца, то яны раздзяляюцца коскамі.
Напрыклад:Так, так, пані гаспадыня. Чалавек страляе, а чорт кулю носіць (Я.Купала).
Але, але, яго маці і мне паказвала ліст, у якім ён піша, што няйначай мусіць прыехаць на свята (Ц.Гартны).
Не, не, – адагнаў ад сябе змрочныя думкі Іван (Б.Сачанка).
Што, што ты сказаў?
Сцвярджальныя, адмоўныя і пытальныя словы ў сярэдзіне сказа выдзяляюцца коскамі з двух бакоў.
Напрыклад:Работа, што ж, у лес не пабяжыць (Ц.Гартны).
Ты не паверыш, не, такой навальніцы ў нас не было ніколі!
У канцы сказа перад сцвярджальнымі, адмоўнымі і пытальнымі словамі ставіцца коска, а пасля – знак прыпынку ў адпаведнасці з агульнымі правіламі.
Напрыклад:Цяпер ты пойдзеш спаць, так? (І.Мележ).
Я работы не баюся, не!