Коска пры выклічніках і гукаперайманнях §54
Коскамі аддзяляюцца выклічнікі, калі яны не маюць падкрэсленай клічнай інтанацыі і знаходзяцца ў пачатку ці ў сярэдзіне сказа.
Напрыклад:Ах, дружа-клён! Ну як яго не ўспомніць?.. (П.Трус).
Мілая! О, колькі радасці даеш майму ты сэрцу маладому! (Я.Купала).
Ох, нашто ж ты, ночка, так прыгожа-міла? (Я.Колас).
Эх, як слаўна, як прыгожа, хораша, прыстойна! (Я.Колас).
Эй, дзяцюк малады, не тужы, не глядзі ты скрозь слёзы на свет… (Я.Купала).
Коскамі аддзяляюцца выклічнікі і гукаперайманні, калі яны знаходзяцца ў сярэдзіне або ў канцы сказа ці паўтараюцца.
Напрыклад:Раздолле ў лузе, эх, раздолле! (Я.Колас).
Шкада, ай, як шкада Іліко (Э.Самуйлёнак).
Колькі ў лесе грыбоў, ай-яй-яй! (З.Бядуля).
Ну, ну, пашавельвайся, – падганяў ён Алеся (К.Крапіва).
Толькі ў другой палавіне, дзе спяць гаспадыня і яе дачка-вучаніца, размашыста і глуха стукаюць ходзікі: як-так, як-так… (І.Шамякін).
Не аддзяляюцца коскамі выклічнікі перад асабовымі займеннікамі.
Напрыклад:Ой ты, ночка, чарнявая ноч, агарні цеплынёю мяне… (П.Панчанка).
Эх ты, – кажа яна, – лепш вось дахаты ідзі, а то будзе табе ад маці (Я.Брыль).
Не з’яўляецца выклічнікам і не аддзяляецца коскай часціца о пры зваротку, адмоўі, сцвярджэнні, а таксама не аддзяляюцца коскай узмацняльныя часціцы, аднолькавыя па гукавым складзе з выклічнікамі.
Напрыклад:Я не для вас, паны, о не, у час вольны песенькі складаю… (Я.Купала).
О так, так, планы маюць выключную ролю ва ўсякай справе (М.Лынькоў).
Міколу ж аднаму ай-ёй як цяжка (Я.Брыль).
Я яшчэ ого які дужы! (І. Шамякін).