Правільна!

Коска паміж словамі, якія паўтараюцца §47

  1. Коскай раздзяляюцца аднолькавыя словы і радзей – спалучэнні слоў, не звязаныя паміж сабой злучнікамі (за выключэннем і, ды), якія пераважна стаяць побач і паўтараюцца для сэнсавага падкрэслівання працягласці, бесперапыннасці дзеяння, для колькаснага або эмацыянальнага выдзялення прадметаў, з’яў, асоб, для ўзмацнення прыкметы і ступені якасці, сцвярджэння або адмаўлення і інш.
    Напрыклад:

    Плыве, плыве за хмарай хмара… (П.Трус).
    Не веру, не веру і не веру. Гэтага не магло быць (К.Крапіва).
    Ніколі, ніколі нідзе не забыць, як хлопцы выходзяць адранкам касіць (П.Броўка).
    І рэчка ёсць. А рыбы, рыбы! (Я.Колас).

  2. Калі перад словам, якое паўтараецца, стаіць слова толькі або і толькі ці іменна, то коскамі выдзяляецца разам усё гэта спалучэнне.
    Напрыклад:

    Перад Лабановічам усплыў вобраз Ядвісі, і зноў аб ёй, толькі аб ёй, пачаў ён думаць (Я.Колас).
    Значыць, ты з ім, іменна ты з ім, а не ён з табою (А.Кулакоўскі).
    У яго, і толькі ў яго, хацела б яна вучыцца мужнасці, высакародству, адданасці справе (А.Васілевіч).

  3. Калі перад кожным словам, якое паўтараецца, стаіць злучнік і, то перад ім ставіцца коска.
    Напрыклад:

    І гудуць, і гудуць па азімай раллі трактары (М.Танк).
    Глуха шэпча лес зялёны, і шуміць ён, і шуміць (Я.Колас).
    Коска ставіцца перад далучальнымі злучнікамі і, ды, якія стаяць пры паўтораным слове з удакладненнем.
    Напрыклад:
    Я пакахаў цябе з дзяцінства, і пакахаў да слёз (П.Трус).

  4. Коскай не раздзяляюцца пры паўторным ужыванні словы, якія стаяць побач:
    два словы, звязаныя адзіночнымі злучнікамі і, ды (у значэнні і):

    Хваля паветра дрыжыць і дрыжыць (Я.Колас).
    Кругом была вада і вада (Я.Маўр).
    Дні бягуць ды бягуць (Я.Колас);
    два аднолькавыя або аднакаранёвыя словы, калі наступнае слова ўжываецца з адмоўем не: было не было, прасі не прасі, хочаш не хочаш, дагоніш не дагоніш, купіў не купіў, злавіў не злавіў, дрэва не дрэва, брат не брат, і ён не ён, насіць не перанасіць, вазіць не перавазіць, прасіць не дапрасіцца, чакаць не дачакацца, капаць не дакапацца, сказаць не скажаш, зрабіць не зробіш і інш.;
    два аднолькавыя словы, калі наступнае слова ўжываецца з часціцай дык і паўтараецца для ўзмацнення меры дзеяння, ступені якасці: закінуў дык закінуў, падскочыў дык падскочыў, скакаць дык скакаць, страсянуў дык страсянуў, вецер дык вецер, паводка дык паводка, чалавек дык чалавек.
    Калі самалёт крута пайшоў уніз, Сашка не спалохаўся: скакаць дык скакаць (М.Лынькоў).

Запосціць
Адправіць