Суфіксы §23
-
Пераважная большасць запазычаных дзеясловаў ужываецца з суфіксам -ава- (-ява-): дэградаваць, фальсіфікаваць, арыентаваць, прагназаваць, балансаваць, цытаваць, аналізаваць, іранізаваць, культываваць, кантактаваць, планаваць, групаваць, нацыяналізаваць, прыватызаваць, дэклараваць, ліквідаваць, акліматызаваць, перафразаваць, кваліфікаваць, інфармаваць, урбанізаваць, каталізаваць, функцыянаваць, ваенізаваць, кантраляваць, тыпізаваць, паразітаваць, фінансаваць, тыражаваць, ігнараваць, рэагаваць, кансультаваць, прафіляваць, ангажаваць, нерваваць, абстрагаваць, імпартаваць, дэбатаваць, дэбютаваць, інспектаваць, экспартаваць, рэканструяваць, дыскутаваць, правакаваць, фінішаваць.
-
Дзеяслоўны суфікс -ірава- (-ырава-) ужываецца: калі без гэтага суфікса ўзнікае аманімія дзеясловаў з дзеясловамі з суфіксам -ава- (-ява-): буксіраваць – буксаваць, парадзіраваць – парадаваць, візіраваць – візаваць, будзіраваць – будаваць, газіраваць – газаваць, камандзіраваць – камандаваць, пазіраваць – пазаваць, пасіраваць – пасаваць, тушыраваць – тушаваць, парыраваць – параваць, паніраваць – панаваць, фарміраваць – фармаваць, апаніраваць – апанаваць; калі дзеяслоў без -ір- (-ыр-) губляе сваю фармальную і семантычную акрэсленасць: шакіраваць, бісіраваць, бравіраваць, гарманіраваць, драпіраваць, лабіраваць, грасіраваць, курыраваць, лавіраваць, дэкарыраваць, сервіраваць, фантазіраваць, лакіраваць, штудзіраваць, мусіраваць, татуіраваць і інш.; калі дзеяслоў мае вузкатэрміналагічнае значэнне: манціраваць, пасівіраваць, аксідзіраваць, зандзіраваць, дэкаціраваць, сталіраваць, дэмпфіраваць, юзіраваць, юсціраваць, парафіраваць, дыфундзіраваць. У некаторых выпадках паралельна ўжываюцца дзве формы: дэмаскіраваць – дэмаскаваць, акупіраваць – акупаваць, курсіраваць – курсаваць, калькіраваць – калькаваць, базіраваць – базаваць.
-
Суфікс -ава- (-ява-) пішацца ў неазначальнай форме і формах прошлага часу тых дзеясловаў, якія ў першай асобе адзіночнага ліку губляюць гэты суфікс і заканчваюцца на -ую (-юю): галасую – галасаваць, галасаваў, галасавала, галасавалі, начую – начаваць, чаргую – чаргаваць, малюю – маляваць, камандую – камандаваць, пакутую – пакутаваць, даследую – даследаваць, будую – будаваць, рэкамендую – рэкамендаваць, характарызую – характарызаваць.
-
Суфікс -іва- (-ыва-) пішацца ў неазначальнай форме і асабовых формах цяперашняга часу дзеяслова, а таксама ў формах прошлага часу незакончанага трывання пасля збегу зычных, апошні з якіх л, р або н: падкрэсліваць, падкрэсліваю, падкрэсліваў, падкрэслівалі; падтрымліваць, адыгрываць, выветрываць, запэўніваць, адрозніваць.
-
Суфікс -ва- пішацца ў астатніх выпадках: выконваць, выконваю, выконваў, выконвалі; адказваць, вымешваць, адмерваць, заканчваць, загадваць, адорваць, разбэшчваць, падстрэльваць, раздумваць, заваёўваць, зацярушваць, дагульваць, размяркоўваць, забінтоўваць, распілоўваць. У дзеясловах выйграваць і прайграваць пішацца суфікс -ава-.
-
Калі неазначальная форма дзеяслова закончанага трывання заканчваецца на -іць або -яць з папярэдняй галоснай, то ў незакончаным трыванні перад суфіксам -ва- пішацца й: утаіць – утойваць, супакоіць – супакойваць, засвоіць – засвойваць, узброіць – узбройваць, напаіць – напойваць, склеіць – склейваць, абнадзеіць – абнадзейваць; засеяць – засейваць, абсмяяць – абсмейваць, запаяць – запайваць, настаяць – настойваць.
-
Суфікс -ен- пішацца ў дзеепрыметніках, утвораных ад дзеясловаў на -іць, -ці: адчынены, выбелены, згублены, супакоены, споены, накормлены, куплены, спаганены, скрыўлены, запылены, дазволены, зроблены, пазнаёмлены, асілены, заклеены, спалены, схілены, разяўлены, прастрэлены; звезены, прынесены, растрэсены, заведзены, спрадзены, пакрадзены, аплецены, мецены.
-
Пры чаргаванні ў аснове дзеяслова [с’] – [ш], [з’] – [ж], [ц’] – [ч], [дз’] – [дж] у дзеепрыметніках пішацца суфікс -ан-: насіць – ношаны, уразіць – уражаны, запрасіць – запрошаны, круціць – кручаны, апярэдзіць – апярэджаны.
-
Спалучэнне галоснай я дзеяслоўнай асновы з суфіксам дзеепрыметнікаў -н- пішацца ў тых дзеепрыметніках, якія ўтвораны ад дзеясловаў на -яць-: пасеяны, развеяны, змуляны, аблаяны, абстраляны, павыдумляны, абмяняны (ад абмяняць).
-
Суфікс -ец- (-ац-) пішацца ў назоўніках мужчынскага роду. Пры змяненні слова галосны выпадае: акраец, індыец, разец, ісцец (родны склон істца), плывец, мсцівец, вясковец, кармілец, удалец, баец, бельгіец, незнаёмец, канькабежац, аварац, запарожац.
-
Суфікс -іц- (-ыц-) пішацца ў назоўніках жаночага роду і беглага галоснага не мае: ваколіца, патыліца, спадарожніца, мсцівіца, карміліца, розніца, кірыліца, кніжыца.
-
Памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ічк- (-ычк-) пішацца ў назоўніках жаночага роду, якія ўтварыліся ад слоў з фіналлю -іц- (-ыц-): лесвічка, крынічка, сунічка, завушнічка, запальнічка, _палічка (ад паліца), сястрычка. У астатніх выпадках пішацца памяншальна-ласкальны суфіксальны комплекс -ечк- (-ачк-): дзядзечка, бутэлечка, лялечка, цётачка, галовачка, булачка, палачка (ад палка), рэчачка, курачка (ад курка), качачка, божачка, вушачка, Сонечка, Волечка, Ванечка, Жэнечка, Сцёпачка, Наташачка, Ганначка.
-
Суфікс -ак- (-ек-) пішацца не пад націскам у назоўніках, якія ва ўскосных склонах губляюць суфіксальнае а ці е: сшытак – сшытка, пасынак – пасынка, каласочак – каласочка, дожджычак – дожджычку, прыцемак – прыцемку, аловак – алоўка, перашыек – перашыйка.
-
Суфіксы -ік- (-ык-), -нік-, -чык- пішуцца нязменна ва ўсіх формах слоў: конік – коніка, столік – століка, хлопчык – хлопчыка, дожджык – дожджыку, вожык – вожыка, тэарэтык – тэарэтыка, спадарожнік – спадарожніка, пеўнік – пеўніка, дарадчык – дарадчыка.
-
Суфікс -ень- (-ань-) ва ўскосных склонах у адных назоўніках захоўвае галосны, у другіх яго губляе: вусень – вусеня, прамень – праменя; але: вучань – вучня, шчэбень – шчэбню, валасень – валасня. Часам дапускаюцца абедзве формы: кіпень – кіпеню і кіпню.
-
Суфіксы -чык- (-чыц-) і -шчык- (-шчыц-) ужываюцца пры ўтварэнні назоўнікаў, якія называюць людзей паводле заняткаў. Суфікс -чык- (-чыц-) пішацца: калі ўтваральная аснова заканчваецца на пярэднеязычныя д, т, з, с: аб’ездчык, дакладчык, дарадчыца, наладчык, ракетчык, пераплётчыца, лётчык, грузчык, возчык, рэзчык, перапісчык, перапісчыца (а таксама ў адпаведных прыметніках: дарадчыцкі, перапісчыцкі і інш.); калі ў канцы ўтваральнай асновы адбываецца чаргаванне [г] – [ж]: перабягаць – перабежчык, перабежчыца, перабежчыцкі, нябога – нябожчык, абцягваць – абцяжчыца. Суфікс -шчык- (-шчыц-) пішацца: калі аснова заканчваецца на санорныя р, л, м, н, й: зваршчык, наборшчыца, вугальшчык, мадэльшчык, прыбіральшчыца, атамшчык, паромшчык, бетоншчыца, згоншчык, мыйшчык, пайшчык, пайшчыца, забойшчык (а таксама ў адпаведных прыметніках: наборшчыцкі, пайшчыцкі і інш.); пасля спалучэнняў тых жа санорных з наступнымі т, г утваральнай асновы: працэнт – працэнтшчыца, аліменты – аліментшчык, аліментшчыца, кобальт – кобальтшчык, цюбінг – цюбінгшчык; калі ўтваральная аснова заканчваецца на губныя зычныя б, п, м, ф і ў (з в): рубшчык, гардэробшчыца, апалубшчык, падкопшчык, скупшчык, скупшчыца, паромшчык, літаграфшчык, бунтаўшчык, нарыхтоўшчык, палясоўшчык, забудоўшчык.
-
З дапамогай суфіксаў -чын- і -шчын- утвараюцца дзве семантычна розныя групы назоўнікаў: назоўнікі са значэннем пэўнай грамадскай з’явы і назоўнікі са значэннем рэгіёна, абшару. Суфікс -чын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на д – т, з – с, ж – ш, дж – ч: складчына (склад-), спадчына (спад-), азіятчына (азіят-), салдатчына (салдат-), братчына (брат-), старасветчына (-свет-), казаччына (казак-/казач-), рэкрутчына (рэкрут-); Валагодчына (валагод-), Брэстчына (брэст-), Навагрудчына (навагруд-), Ноўгарадчына (ноўгарад-), Суражчына (сураж-), Добрушчына (добруш-), Нямеччына (нямец-/нямеч-), Турэччына (турэц-/турэч-), Дабружчына (дабруж-), Глушчына (Глуск: глух-/глуш-), Грэшчына (Грэск: грэc-/грэш-), Полаччына (Полацк: полат-/полац-/полач-), Случчына (Слуцк: слуц-/случ-). Суфікс -шчын- пішацца пасля ўтваральных асноў, што заканчваюцца на губныя б, п, м, ф, в або санорныя н, р, л, й, а таксама ў (з в або л): скупшчына (скуп-), здзельшчына (здзель-), нелегальшчына (нелегаль-), партызаншчына (партызан-), мінуўшчына (мінул-/мінуў-), суб’ектыўшчына (суб’ектыв-/суб’ектыў-), літаратуршчына (літаратур-), ваеншчына (ваен-), кампанейшчына (кампаней-), тарабаршчына (тарабар-), татаршчына (татар-), канцыляршчына (канцыляр-), папоўшчына (папов-/папоў-), хаваншчына (хаван-), мітынгоўшчына (мітынгов-/мітынгоў-), цыганшчына (цыган-); Браслаўшчына (браслаў-), Гомельшчына (гомель-), Гуцульшчына (гуцуль-), Гродзеншчына (гродзен-), Смаленшчына (смален-), Міншчына (мін-), Бабруйшчына (бабруй-), Зэльвеншчына (зэльвен-), Магілёўшчына (магілёў-), Віцебшчына (віцеб-). Суфікс _-шчын- пішацца і тады, калі ўтваральная аснова заканчваецца на зычны з папярэднім санорным: інтэлігентшчына (інтэлігент-), эмігрантшчына (эмігрант-), Самаркандшчына (самарканд-).
-
У прыметніках і прыслоўях з ласкальным значэннем: пасля мяккіх зычных незалежна ад месца націску пішацца суфікс -еньк-: круценькі, маленькі, ціхенька, паўнюсенька, утульненькі, нізенькі, беленькі, борздзенькі, хуценька; пасля цвёрдых зычных пад націскам пішацца суфікс -эньк-, а не пад націскам -аньк-: даражэ́нькі, старэ́нькі, харо́шанькі, све́жанькі, до́бранькі, гара́чанькі.
-
Падвоенае нн пішацца ў суфіксальнай марфеме -энн- (-енн-) у прыметніках з павелічальным значэннем (страшэнны, здаравенны, таўсценны, худзенны, высачэнны), у прыметніках з якасна-адносным значэннем (дратвенны, брытвенны, дарэформенны, абедзенны, свяшчэнны, вогненны).
-
Падвоенае нн пішацца на стыку ўтваральнай асновы і суфікса паміж галоснымі: калі ўтваральная аснова заканчваецца на н, а суфікс пачынаецца з гэтай жа літары: дзённік, імяніннік, сяннік, маліннік, выгнаннік, дзянніца, абранніца, падаконнік, коннік, конны, сасоннік, карцінны, дывізіённы, гартанны, глыбінны, вінны, летуценны, паддонны, ваенны, вясенні, няспынны, бяссонны, айчынны, бязвінны, незаменны, прасцінны, дрэнны, дабрачынны, параённы; калі аснова слова заканчваецца на нн, а суфікс пачынаецца зычным н: ванны (набор), манныя (крупы); у прыметніках, утвораных ад назоўнікаў на -мя: іменны, імянны, пайменны, племянны, страмянны, цемянны. Выключэнне: палымяны.
-
Суфіксы -ск- і -ств- пішуцца: калі ўтваральная аснова заканчваецца на с, то на пісьме спалучэнне сс перадаецца адной літарай: матроскі, рускі, беларускі, хакаскі, папуаскі, тунгускі, лаоскі, гандураскі, уэльскі, адэскі, арзамаскі, вільнюскі, чавускі, копыскі, палескі, залескі, прускі, тбіліскі, кутаіскі, туніскі, эскімоскі, індускі, пелапанескі; калі ўтваральная аснова заканчваецца на д, з, то спалучэнне іх з суфіксальным с падаецца як дс, зс: горад – гарадскі, люд – людскі, грамада – грамадства, сусед – суседскі, параход – параходства, бяда – бедства, Бесядзь – бесядскі; француз – французскі, Каўказ – каўказскі, Сілезія – сілезскі; у словах, вытворных ад асноў славянскага паходжання на к, спалучэнне к з суфіксальным с на пісьме перадаецца як ц: лясніцтва, мастацтва, сваяцтва, спаборніцтва, гарняцкі, казацкі, крыжацкі, сакавіцкі, асветніцкі, наглядальніцкі, славацкі, гарадоцкі, беластоцкі, уладзівастоцкі, чашніцкі; у словах, утвораных ад асноў на к неславянскага паходжання, на пісьме захоўваецца спалучэнне кс: арынокскі, нью-ёркскі, бангкокскі, бузулукскі, цюркскі, каракскі, каракалпакскі, квебекскі, таджыкскі, узбекскі; у прыметніках, утвораных ад геаграфічных назваў на -ка, -кі, зычны к (калі перад ім ёсць іншы зычны) у канцы слова перад суфіксам -ск- знікае: крупскі (Крупкі), дудзінскі (Дудзінка), церахоўскі (Церахоўка), ямайскі (Ямайка), вяцкі (Вятка); але: касабланкскі; калі ўтваральны назоўнік заканчваецца на літары -ск, то суфікс -ск- зліваецца з імі: Пінск – пінскі, Глуск – глускі, Новасібірск – новасібірскі, Дамаск – дамаскі, этруск – этрускі; але: баск – баскскі; калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на т, ц, ч, а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні тс, цс, чс на пісьме перадаюцца праз ц згодна з вымаўленнем: агенцтва, балцкі, брацкі, адвакацкі, салдацкі, лабаранцкі, парламенцкі, брэсцкі, бейруцкі, па-фармалісцку, па-інтэлігенцку, выдавецтва, кравецкі, івянецкі, прыпяцкі, суэцкі, па-спажывецку, па-купецку, ткацкі, баранавіцкі, парыцкі, грэцкі (арэх), скрыпацкі, чытацкі, па-дзявоцку; калі ўтваральная аснова слова заканчваецца на ж, ш, х (у тым ліку і пры чаргаванні [г] – [ж], [х] – [ш]), а суфікс пачынаецца зычным с, то спалучэнні жс, шс у агульных назвах перадаюцца толькі адным с: таварыш – таварыства, харошы – хараство, мног/множ – мноства, убог/убож – убоства, бог/бож – боскі, птах/пташ – птаства, наш – наскі, а таксама княжыць – княства. У некаторых выпадках напісанне такіх слоў вызначаецца па слоўніку, чаргаванне [г] – [ж], [х] – [ш] адсутнічае: Буг – бугскі, Гаага – гаагскі, Катанга – катангскі, казах – казахскі, Цюрых – цюрыхскі, Карабах – карабахскі, фелах – фелахскі, шах – шахскі, ніўх – ніўхскі, Пецярбург – пецярбургскі; у прыметніках, утвораных ад уласных назваў і назваў народаў, спалучэнні жс, шс перадаюцца нязменна: Нясвіж – нясвіжскі, Сураж – суражскі, Парыж – парыжскі, Балхаш – балхашскі, латыш – латышскі, чуваш – чувашскі, Волг/Волж – волжскі, чэх/чэш – чэшскі, Праг/Праж – пражскі, вараг/вараж – варажскі.
-
Падвоенае цц пішацца: у інфінітыве зваротных дзеясловаў: змагацца, брацца, купацца, вучыцца, прасіцца, імчацца; у трэцяй асобе адзіночнага і множнага ліку зваротных дзеясловаў: змагаецца, змагаюцца, бярэцца, бяруцца, купаецца, купаюцца, вучыцца, вучацца, просіцца, просяцца, імчыцца, імчацца; у лічэбніках адзінаццаць – дваццаць, трыццаць і вытворных ад іх: адзінаццаты, дваццатка, пятнаццацігадовы.