Агульныя правілы правапісу вялікай і малой літар §24
З вялікай літары пішуцца:
першае слова ў сказе:Былі пагодныя дні.
З сонцам ад рання да вечара, з сінім небам (I.Мележ).
Уцякай, мароз-дзядуля! Чуеш ты, стары, ці не? (Я.Колас).
Усю дарогу праз лес мяне суправаджала нябачная птушка тоненькім жалобным плачам. Што яна страціла? Па чым плакала? (I.Шамякін).
Найсмачнейшыя цяпер брусніцы – як вінныя яблыкі… Яны на пасецы растуць шышкамі. Як бабок на балоце (І.Пташнікаў);
першае слова пасля клічніка, якім выдзяляецца зваротак, а таксама выклічнік у пачатку сказа:Зямля Беларусі! Табой мы сагрэты, ніколі не сходзіш ты з нашых вачэй (П.Броўка).
А-я-яй! Хто ж бы гэта мог падумаць! Гэтакі, здаецца, чалавек!.. (К.Крапіва);
першае слова ва ўстаўных сказах-рэмарках, якія падаюцца ў дужках у пачатку тэксту і пасля кропкі, клічніка, пытальніка і шматкроп’я ў канцы сказа:Г а р л а х в а ц к і. Не толькі сакрэт, а дзяржаўная тайна. (Ідзе ў свой кабінет.)(К.Крапіва).
Я размяк. (Душа ў паэта чулая.) (П.Панчанка).
С ы м о н. Калі пытаюся, то няхай кажа! (Да Данілкі.) Ну! Чуеш ці не? (Я.Купала).
С ы м о н. А хто будаваў гэтай вось сякерай? (Трасе сякерай.) (Я.Купала).
Д а н і л к а. Я ж табе, мама, казаў! Зоська пайшла… (Глянуўшы на матку, не дагаворвае.) (Я.Купала).
Па традыцыі з вялікай літары пачынаецца кожны новы радок (першае слова) у вершаваных тэкстах:
Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве,
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
(У.Караткевіч).З вялікай літары пішацца першае слова пасля двукроп’я:
у пачатку простай мовы:Ён падумаў: «Ніхто цябе не бачыць, ніхто не ведае, якая ты слаўная і мілая, – і дадаў: – Дурні яны!» (Я.Колас);
у пачатку цытаты, якая з’яўляецца самастойным сказам:П.Глебка з поўнай падставай пісаў: «Лірычную плынь унёс у нашу празаічную мову М.Лынькоў» (ЛіМ);
у сцвярджальнай частцы пастановы, рэзалюцыі, пратакола, акта і іншага рашэння.
Напрыклад:Пастанавілі:
Зацвердзіць справаздачу рэвізійнай камісіі аб фінансавай дзейнасці прафкама (з пратакола прафсаюзнага сходу).
З арыгіналам згодна:
Сакратар выканкама (подпіс) (з копіі дакумента).Калі цытата ўключаецца ў просты ці складаны сказ у якасці яго граматычнай часткі, тады яна пачынаецца з малой літары:
Якуб Колас справядліва ўказваў, што «родная мова – гэта першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і акаляючы нас свет» (ЛіМ).
Паводле глыбокага пераканання Дубоўкі, моўныя скарбы – у народзе, «настаўнікаў, мудрэйшых, чым народ, не бывае» (Беларуская мова. Энцыклапедыя).
Пішуцца з малой літары:
першае слова пасля шматкроп’я, калі яно стаіць у сярэдзіне сказа і абазначае прыпыненне ў маўленні:Зямля… зямля… туды, туды, брат, будуй яе… ты дай ёй выгляд… (Я.Колас).
Т у л я г а. Толькі я хацеў запытацца ў вас, ці не будзе гэта… подласцю? (К.Крапіва).
А што вы скажаце на крытыка, Іван Ант.., выбачайце, Мацвеевіч? (З.Бядуля);
першае слова ў сярэдзіне сказа пасля шматкроп’я, якое абазначае, што частка гэтага сказа апушчана:З невялікай і чыстай крыніцы лірычнага пачуцця… пачынаецца раман-паэма аб жыцці беларускага простага люду (А.Адамовіч);
першае слова пасля клічніка, калі ён стаіць у сярэдзіне сказа:І кожны, хто мяне спытае, пачуе толькі адзін крык: што хоць мной кожны пагарджае, я буду жыць! – бо я мужык! (Я.Купала);
першае слова ў словах аўтара, якія ідуць пасля простай мовы з клічнікам, пытальнікам або шматкроп’ем:«Надзя! Надзейка!..» – кліча жалейка (П.Броўка).
– У школу я больш не пайду!.. – Як гэта – не пайду? А куды ты пойдзеш? – абурыўся Сяргей (I.Шамякін);
першае слова ў рэмарках да слоў дзейнай асобы, калі рэмарцы не папярэднічаюць кропка, клічнік, пытальнік ці шматкроп’е:Г а р л а х в а ц к і. А можа, і праўда бландзінка. Значыць, яна гэтае самае (круціць рукой каля валасоў) пабландзінілася, а я і не заўважыў (К.Крапіва).