Правільна!

Прыстаўкі §22

  1. Да прыставак аб-, ад-, над-, пад-, раз- (рас-), с- (з-), уз- (ус-) пры спалучэнні з марфемамі, якія пачынаюцца збегам зычных, далучаецца дадатковае а: абарваць (абрываць), абагнаць (абганяць), адаспаць (адсыпацца), адапхнуць (адпіхваць), сабраць (збяру), сарваць (зрываць), надагнуць (надгінаць), падаспець, сатлелы, абамлець. Дапускаецца напісанне ўстаўнога а для раздзялення двух губных гукаў: абабягаць, абаперціся.

  2. Прыстаўка су- пішацца: у назоўніках, дзе су- выдзяляецца толькі гістарычна: сусед, сувой, сувязь, супын, супынак, сутаргі, сумятня, супастат, супоня, суткі, сутокі, суцяга, сумёт, сустаў; у новых утварэннях, калі ёсць слова і без су-: суграмадзянін, супалімер, сукрэдытор, сукіраўнік, супастаўшчык, сучлен, суапякун, супрацоўнік, суродзіч, сунаймальнік, суспадчыннік, суадказчык, сузабудоўшчык, сувыканаўца і інш.; у словах, якія без су- не ўжываюцца: суквецце, сузор’е, суладдзе, сугучча, суглінак, супесак, сукравіца, сузіральнік, сумежжа.

  3. Прыстаўка су- пішацца: у дзеясловах: суадносіць, супадпарадкоўваць, сумяшчаць, суіснаваць, сустракаць, сутыкацца, супярэчыць, супастаўляць, супадаць; у прыметніках: сумежны, сукупны, суладны, сугучны, сучасны, сувымяральны, супольны, сумесны, суцэльны; у прыслоўях: су́праць (супро́ць).

  4. Прыстаўка су- захоўваецца ў лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі, што маюць прыстаўку су-: сутачны (суткі), суцяжнічаць (суцяга), сурэдактарстваваць (сурэдактар), суапякунства (суапякун), сузіранне (сузіраць), сумяшчальнік (сумяшчаць), сустрэчны (сустрэча), супярэчлівасць (супярэчлівы), сумежнасць (сумежны), супольнасць (супольны), сумесна (сумесны), насуперак (супраць) і інш.

  5. Прыстаўка са- пішацца: у некаторых назоўніках, дзе прыстаўка выдзяляецца толькі гістарычна: сасуд, савет, сабор, саюз, саслоўе; у запазычаннях і кальках (пераважна з рускай мовы): саіскальнік, сакурснік, садружнасць, сатрапезнік, сачыненне, састаў, саслужывец і інш.

  6. Прыстаўка са- захоўваецца: у лексемах, словаўтваральна звязаных са словамі з прыстаўкай са-: саўдзел (саўдзельнік), саслоўны (саслоўе), састыкоўванне (састыкаваць), састаўляць (састаў), сашчэпка (сашчапіць), сапраўды (сапраўдны) і інш.; у дзеясловах, калі са- з’яўляецца варыянтам с- (перад збегам зычных): садраць (здзяру), сагнаць (зганю), саскочыць, сажмурыць, сасмажыць, саслабець, сасватаць, састроіць, сашмаргнуць, сашпіліць, саштурхнуць, сасмягнуць, сагнуць, саграшыць, сашчыкнуць, сашчапіць і інш.; у прыметніку сапраўдны і вытворных ад яго. Напісанне прыставак су- і са- ў іншых выпадках вызначаецца па слоўніку.

  7. Калі апошняя зычная літара прыстаўкі і першая літара кораня супадаюць, то пішуцца абедзве літары: аддача, аддалены, Наддзвінне, наддаць, бяззорны, ззаду, ззелянелы, ссадзіць, ссівелы, бессардэчны, паддопытны, рассыпаць, раззлавацца, рассаднік (тое, што з’яўляецца крыніцай чаго-небудзь), уссаджваць, контрразведка, звышштатны, транссібірскі. Словы-тэрміны іншамоўнага паходжання часткова падпарадкоўваюцца гэтаму ж правілу (асабліва тады, калі ёсць словы і без прыстаўкі, а прыстаўка далучаецца і да іншых каранёў): сюррэалізм, аддукцыя (рэалізм, індукцыя). У некаторых выпадках, калі слова ўспрымаецца як невытворнае ў беларускай мове, літары не падвойваюцца: інавацыя, ірыгацыя, ірэальны, іміграцыя, акамадацыя, карэляцыя, аперцэпцыя, дысідэнт, імартэль, анігіляцыя, інервацыя, акорд, карэспандэнт. Напісанне такіх слоў-тэрмінаў вызначаецца па слоўніку. У словах расол, расольнік, расада, расаднік (месца, скрынка для вырошчвання расады) адбылося сцяжэнне гукаў, і таму яны пішуцца з адной літарай с.

  8. Да прыставак на з- адносяцца: з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз-, а таксама дыз- і дэз-. У пэўных пазіцыях літара з замяняецца літарай с. У прыстаўках з-, із-, уз-, раз-, без-, небез-, абез-, праз-, цераз- літара з пішацца перад звонкімі, санорнымі зычнымі і ётаванымі галоснымі (перад апострафам): збіць, здаць, знесці, ізноў, узняць, узбіцца, розгалас, бязмежны, небеззаганны, небязгрэшны, абезгалосець, абязгрошыць, празмерны, цераззерніца; раз’есці, раз’езд, абяз’ёдаваны, з’інець, раз’юшаны, без’языкі, бяз’ядзерны, з’ялчэць, з’явішча, уз’юрыцца. У слове разявіць і вытворных ад яго, а таксама ў словах узлаваць і ўзлавацца адбылося сцяжэнне [з] – прыстаўкі і [з] – кораня. У гэтых жа прыстаўках замест літары з пішацца літара с перад глухімі зычнымі: скінуць, схапіць, іспыты, усхваляць, раскідаць, роспіс, беспадстаўны, небескарысны, абяскровіць, абясшкодзіць, цераспалосіца, росшукі, росчырк. Калі корань слова пачынаецца з галосных а, у, э або ненаціскнога і, якое пераходзіць у ы, замест прыстаўкі з- пішацца прыстаўка с-: сарганізаваць, сумысна, сэканоміць, сыграць; але: зымправізаваць, зыначыць.

  9. У словах, утвораных ад дзеясловаў ісці, хадзіць, прыстаўкі на з- пішуцца ў залежнасці ад лексічнага значэння: зысцісысці, зысцісясысціся, зыходзіцьсыходзіць, зыходзячысыходзячы, зыходнысходны, сыходны, зыходсход.

  10. У прыстаўцы дыз- перад галоснымі (у тым ліку ётаванымі) пішацца з, а перад зычнымі – с: дызасацыяцыя, дызартрыя, дыз’юнкцыя, дысгармонія, дыспрапорцыя, дыскваліфікаваць, дысфункцыя, дыскрэдытаваць, дыскамфорт.

  11. Прыстаўка дэз- пішацца нязменна: дэзактывацыя, дэзарыентацыя, дэзынфекцыя, дэзынтэграцыя, дэзурбанізацыя.

  12. Спалучэнні літар сч, сш, сшч, зж, здж на стыку прыстаўкі і кораня перадаюцца нязменна: расчахляць, расчэсваць, расчыніць, счысціць, счапіць, счэп, усчаць, счакацца, бесчалавечны, бясчулы, расчапіць (раз’яднаць), усчапіць (павесіць); расшыць, расшырэнне, сшытак, сшарэлы, расшумецца, расшпілены, бясшкодны, бясшлюбны; расшчапіць (раскалоць), расшчапленне (расколванне), расшчэп (раскол) (не блытаць счапіць і шчапаць), расшчаміць (разняць), расшчодрыцца, расшчоўкацца; зжыцца, разжаць, разжаліць, разжаніць, разжыва, безжурботна, безжыццёвы; зджаліць. Выключэнні: рашчыніць (паставіць цеста), ушчуваць, нішчымны, а таксама вытворныя ад іх: рошчына, ушчуванне, ушчунак, нішчымніца.

  13. Пры спалучэнні прыставак (аб-, ад-, над-, пад-, раз-, з- (с-), уз-, спад-, перад-, дэз-, суб-) са словамі, што пачынаюцца з і, у адпаведнасці з вымаўленнем замест і пішацца ы: абыграць, абынтэлігенціцца, зымправізаваць, зыначаны, зысці, сысці, адыграць, адыменны, адыходзіць, сыграцца, сышчык, узыход, спадылба, спадыспаду, перадынфарктны, падынтэграваць, разысціся, перадымперскі, перадыспытны, субынспектар, дэзынтэгратар, дэзынфармацыя, дэзынфіцыраваць. Пасля прэфіксоідаў (звыш-, між-, пан-, супер-, транс-, контр-) і захоўваецца: звышімклівы, звышіндустрыяльны, звышінфляцыя, міжірыгацыйны, міжінстытуцкі, панісламізм, контрідэя, контрігра, суперінтэлект, трансіндыйскі. У складанаскарочаных словах, першая частка якіх заканчваецца на цвёрды зычны, пачатковае і другога слова пішацца нязменна: педінстытут, дзяржінспектар, палітінфармацыя, санінструктар, цяжіндустрыя, медінструменты, спецінструктаж, гарінспекцыя, гасінвентар. Прэфіксоід экс- пішацца праз злучок, і і не пераходзіць у ы: экс-інжынер, экс-імператар. Некаторыя словы з коранем -ход- маюць варыянтныя формы: адыходлівыадходлівы, адыходнаеадходнае, адыходыадходы, адыходнікадходнік.

Запосціць
Адправіць