Правільна!

Літары о, ё, э, е

Літары о, ё §2

  1. Літара о пішацца толькі пад націскам: год, кот, скрозь, шоўк, ко́лас, мо́ва, до́ўга, по́суд, аро́л, шо́лах, плячо́, даро́га, разго́ртваць, дапамо́га, дадатко́ва, жніво́, дэпо́, во́дар, о́канне, о́да, о́птам, о́рдэн, о́фіс, о́пера, Об, Орша, Омск, Обнінск, Осла, Оксфард, Орск, То́кіа, Ватэрло́а.

  2. Літара ё пішацца пад націскам: лёс, вёска, сёстры, цёмны, цёплы.
    Літара ё пішацца не пад націскам у словах з коранем ёд- і ёт-: ёдапіры́н, ёта́цыя, ётава́нне.

  3. Літара ё пішацца ў складаных словах з першай часткай радыё-: радыёстанцыя, радыёграма, радыёантэна.
    Калі першая частка складанага слова ўтворана ад назвы хімічнага элемента радый, то пішацца літара е, якая з’яўляецца злучальнай галоснай: радыебіяло́гія, радыеакты́ўнасць, радыеметры́чны, радыеізато́п і інш. У першым складзе перад націскам у гэтым выпадку пішацца я: радыяме́трыя, радыяхі́мія, радыяло́гія, радыягра́фія.

Літары э, е §3

  1. Літара э пішацца:
    у пачатку выклічнікаў э, эге, эге-ге, эй, эх;
    пасля прыстаўной літары г у слове гэты і вытворных ад яго (дагэтуль), а таксама ў выклічніках гэ, гэй і назвах літар (бэ, вэ і інш.);
    пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц]: жэрдка, жэмчуг, шэры, нашэсце, чэрствы, чэк, нараджэнне, абуджэнне, рэкі, рэзаць, халадэча, сардэчны, пустэча, мястэчка, цэны, у руцэ.

  2. У пачатку запазычаных слоў літары э, е як пад націскам, так і не пад націскам пішуцца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем: э́ра, эсэ́, э́ўрыка, э́пас, э́тыка, Эўклі́д, Эўрыпі́д, Элі́ста; е́гер, е́рась, ерэты́к, Еўро́па, еўрапе́йскі, Еўпато́рыя, Ерэва́н, ерэва́нец, Еўфра́т.
    На канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ́, рэзюмэ́, рэнамэ́, кафэ́, галіфэ́, кашнэ́, кабернэ́, фрыкасэ́, плісэ́, каратэ́, дэкальтэ́; Стру́вэ, Мерымэ́, Эйвэ́, Хасэ́, Мо́рзэ, Табі́дзэ, Брыгва́дзэ, Каба-Ве́рдэ, Душанбэ́, Сан-Тамэ́; але: са́льта-марта́ле, філе́, камюніке́, піке́.

  3. Літара э ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэ́ла, сурвэ́тка, экзэмпля́р, маянэ́з, тунэ́ль, сэ́рвіс, інтэрнэ́т пішуцца з літарай э, а словы меда́ль, ме́неджмент, не́рвы, парла́мент, перспекты́ва, газе́та, серві́з – з літарай е.

  4. У запазычаных словах, адзначаных у пунктах 2 і 3 гэтага параграфа, напісанне э, е вызначаецца па слоўніку.