Правільна!

Літары э, е §3

  1. Літара э пішацца: у пачатку выклічнікаў э, эге, эге-ге, эй, эх; пасля прыстаўной літары г у слове гэты і вытворных ад яго (дагэтуль), а таксама ў выклічніках гэ, гэй і назвах літар (бэ, вэ і інш.); пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц]: жэрдка, жэмчуг, шэры, нашэсце, чэрствы, чэк, нараджэнне, абуджэнне, рэкі, рэзаць, халадэча, сардэчны, пустэча, мястэчка, цэны, у руцэ.

  2. У пачатку запазычаных слоў літары э, е як пад націскам, так і не пад націскам пішуцца ў адпаведнасці з літаратурным вымаўленнем: э́ра, эсэ́, э́ўрыка, э́пас, э́тыка, Эўклі́д, Эўрыпі́д, Элі́ста; е́гер, е́рась, ерэты́к, Еўро́па, еўрапе́йскі, Еўпато́рыя, Ерэва́н, ерэва́нец, Еўфра́т. На канцы запазычаных нязменных слоў, а таксама ўласных імён і геаграфічных назваў пасля зычных, акрамя л, к, пішацца э: купэ́, рэзюмэ́, рэнамэ́, кафэ́, галіфэ́, кашнэ́, кабернэ́, фрыкасэ́, плісэ́, каратэ́, дэкальтэ́; Стру́вэ, Мерымэ́, Эйвэ́, Хасэ́, Мо́рзэ, Табі́дзэ, Брыгва́дзэ, Каба-Ве́рдэ, Душанбэ́, Сан-Тамэ́; але: са́льта-марта́ле, філе́, камюніке́, піке́.

  3. Літара э ў запазычаных словах пасля губных зычных, а таксама пасля з, с, н пішацца згодна з літаратурным вымаўленнем. Так, словы капэ́ла, сурвэ́тка, экзэмпля́р, маянэ́з, тунэ́ль, сэ́рвіс, інтэрнэ́т пішуцца з літарай э, а словы меда́ль, ме́неджмент, не́рвы, парла́мент, перспекты́ва, газе́та, серві́з – з літарай е.

  4. У запазычаных словах, адзначаных у пунктах 2 і 3 гэтага параграфа, напісанне э, е вызначаецца па слоўніку.

Запосціць
Адправіць