Правільна!

Правілы пастаноўкі спалучэнняў знакаў прыпынку §65

  1. Калі пытальнік, клічнік, кропка, шматкроп’е або коска ўжываюцца ў спалучэнні з працяжнікам, то працяжнік ставіцца пасля пералічаных знакаў прыпынку.
    Напрыклад:

    «Хлопец твой ужо добра падрос?» – спытаў той прыглушана (Я.Брыль).
    «Малайцы! – стрымана пахваліў Ладынін, акінуўшы вокам зжатую плошчу. – Добры пачатак» (І.Шамякін).
    «Нічога. Нічога, усё пройдзе…» – паспрабавала ўсміхнуцца яна (І.Мележ).
    Красуй, наш Мінск, – любімая сталіца! (М.Хведаровіч).

  2. Калі пасля працяжніка стаяць словы, якія выдзяляюцца па адпаведных правілах коскамі (напрыклад, пабочнае слова), то коска перад ім апускаецца.
    Напрыклад:

    Удасца ім зашыцца ў лес – напэўна, адарвуцца ад даганятых.
    Паспееш зрабіць усё да вечара – можа, дазволю схадзіць на вячоркі.

  3. Коска і працяжнік ставяцца:
    перад словам, якое паўтараецца для таго, каб звязаць з яго дапамогай даданую частку складаназалежнага сказа, састаўную частку складаназлучанага ці частку простага сказа разгорнутай канструкцыі.
    Напрыклад:

    Тыя сцежкі, што ў заўтра вядуць, – тыя сцежкі аднолькавы, мусіць? (П.Трус).
    У цішыні, якой не можа парушыць ні далёкая песня адтуль, дзе палі і дарогі, ні грукатанне экскаватара, што ўжо даносіцца па вадзе з таго боку, дзе Нёман, пры зорках, што неяк цьмяна прасвечваюць з высокай вышыні, і пры месяцы, які барвовым акрайцам устаў над лугам, – у такой цішыні і спакойнай паўцемры выйшлі на працу нядаўнія госці гэтых мясцін – бабры (Я.Брыль).
    Сапраўды, хто яна, гэтая пеставатая прыгажунька, зіхатлівы асколак чужога, далёкага свету, недарэчным лёсам вайны закінутая ў фашысцкі канцлагер, – хто яна, каб выкладаць ёй яго балючае, што ў свой час адабрала столькі душэўнае сілы ў самога? (В.Быкаў);
    у складаназалежных сказах, звычайна з некалькімі даданымі часткамі перад галоўнай, якія распадаюцца на дзве агульныя сэнсавыя часткі, каб абазначыць месца гэтага падзелу.
    Напрыклад:
    Пакуль ён ішоў у ваду, занадта, як здавалася Толю, плёхаючы нагамі, пакуль ён пырхаў і пакрэктваў ад задавальнення, – нехта трэці, здалёк яшчэ, з-за ракі ўбачыўшы хлопцаў, падышоў да кладачкі, па якой нядаўна перабіраўся певень з чубаткамі, узышоў на востраў і пачаў падкрадацца да берага (Я.Брыль).
    Колькі было людзей на сходзе, што́ яны абмяркоўвалі, якое там прынялі рашэнне, – нам пра гэта не казалі;
    у складаных сказах з рознымі відамі сувязі, а таксама ў сказах з характэрнымі рысамі перыяду (з выразным падзелам на дзве часткі, з анафарычнай будовай першай састаўной часткі).
    Напрыклад:
    Калі ж асеннія навіны змянялі сад, калі з бяроз ірваў лісце вецер, а мароз, наліўшы ягады рабіны, траву губіў, і мы нагой узрывалі прэлых лісцяў слой; калі патроху чырванелі чаромха, ліпа, стройны клён, а гнёзды змрочныя варон між голага галля чарнелі, і грозны вечара пажар пылаў між бура-шызых хмар; калі асенні вецер дзіка стагнаў і глуха па начах грымеў у наш жалезны дах, – тады да лета Вераніка ад нас знікала ў інстытут і не будзіла згадак тут (М.Багдановіч).
    Ці коска зазвоніць у час касавіцы, ці песню дзяўчо запяе, ці неба заззяе ў агнях бліскавіцы, ці вецер у палях зазлуе, ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах, ці грукне над полем пярун, – усё водгук знаходзіць у вольных абшарах, усё іх дакранаецца струн (Я.Колас).
    Ці завылі ваўкі, ці заенчыў віхор, ці запеў салавей, ці загагала гусь, – я тут бачу свой край, поле, рэчку і бор, сваю матку-зямлю – Беларусь (Я.Купала).

  4. У канцы пытальных сказаў, якія вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй, спачатку ставіцца пытальнік, а потым – клічнік.
    Напрыклад:

    Зямля Радзімы! У сэрцы боль салодкі хто не адчуў, сустрэўшыся з табой?! (А.Звонак).
    Ці ж гэта многа?!
    Хіба ж так трэба?!

  5. У канцы клічных сказаў, якія вымаўляюцца з пытальнай інтанацыяй, спачатку ставіцца клічнік, а потым – пытальнік.
    Напрыклад:

    Бачыў ты!? Слова нельга сказаць!? (К.Чорны).

  6. Перад закрывальным двукоссем захоўваецца кропка, якая паказвае графічнае скарачэнне.
    Напрыклад:

    У інструкцыі было напісана: «Прымяняецца для склейвання вырабаў з паперы, кардону і г.д.».

  7. Калі перад закрывальным двукоссем стаіць пытальнік або клічнік, то коска ставіцца паводле кантэксту.
    Напрыклад:

    «Што прынясе вясна?», «Што вясна пакажа?», «Што будзе вясною?» – у прадчуванні важных падзей пыталіся людзі і ўпотайку рыхтаваліся да іх (Я.Колас).
    Пятра абганялі фурманкі з больш лёгкімі паклажамі, і ён, свецячыся сваім ясным тварам і песеннымі брывамі, толькі паспяваў гаварыць: «Добры дзень, дзядзечка!», «Добры дзень, цётачка!», хоць трошкі скіроўваючы ўбок свайго гнедку, каб даць абмінуць (Я.Скрыган).

  8. Пытальнік, клічнік і шматкроп’е ставяцца перад закрывальным двукоссем, калі яны адносяцца толькі да слоў, узятых у двукоссе; пасля закрывальнага двукосся гэтыя знакі ставяцца тады, калі адносяцца да ўсяго сказа, які заканчваецца словамі, узятымі ў двукоссе.
    Напрыклад:

    Хлапчук спыніўся на ўсходках і з падазронасцю паглядзеў на жанчыну. «Яна яго ведае ці гэта проста цікаўнасць, можа нават і пустая?» (К.Чорны).
    Я паслаў ёй кароткі і сціплы адказ: «Прыязджай, будзеш госцяй жаданай у нас на вялікай будоўлі…» (А.Куляшоў).
    Чаму камбайн працуе не ў «Волі»? (І.Шамякін).
    А ведаеш ты нашага Івана «Тарпака»? (Я.Колас).

  9. Калі перад закрывальным двукоссем стаіць пытальнік, клічнік або шматкроп’е, то яны паўторна не ставяцца пасля двукосся; неаднолькавыя знакі (калі яны патрабуюцца ў залежнасці ад характару адпаведных частак тэксту) ставяцца перад двукоссем і пасля яго.
    Напрыклад:

    Ці вучылі вы ў школе на памяць верш Я.Купалы «А хто там ідзе?»
    Вы чуеце, як мне пяюць натхнёныя паэты? Як шэпчуць закаханыя: «люблю!..»? (Э.Валасевіч).
    Якая галоўная думка выказана ў вершы Я.Коласа «Асадзі назад!»?
    Вучаніца выразна прачытала верш П.Броўкі «Пахне чабор».

  10. У межах аднаго сказа коска, кропка з коскай, двукроп’е ці працяжнік ставяцца толькі пасля закрывальнай дужкі на месцы разрыву асноўнага сказа ўстаўной канструкцыяй.
    Напрыклад:

    Палілася печ (нанач браўся мароз); у печы скварылася свежына (К.Чорны).
    Машы ўспомніўся запіс у Алесіным дзённіку (учора ён выпадкова трапіў ёй у рукі): «У чым паэзія нашага жыцця?» (І.Шамякін).
    «Малы Лондан» (без прыгарадаў) – таксама не маленькі, калі прыняць пад увагу, што ён налічвае не менш за шэсць мільёнаў жыхароў (К.Крапіва).

  11. Кропка, пытальнік, клічнік ці шматкроп’е ставяцца перад закрывальнай дужкай, калі яны адносяцца толькі да слоў, узятых у дужкі.
    Напрыклад:

    Калі ён увайшоў у пакой, той, што сядзеў за сталом, – з чорнай кучаравай галавою, у гімнасцёрцы вайсковага крою, – не адрываючыся ад паперы, падаў яму левую руку. (У правай ён трымаў завостраны з абодвух канцоў чырвона-сіні аловак.) (К.Крапіва).
    Няхай жыве наша родная Беларусь! (Усе ўстаюць. Апладысменты.)
    – Ды ў цэнтры (чуў мо?) выдалі дэкрэт – на мяса здаць усіх быкоў, якім мінула дзесяць год (К.Крапіва).
    А як вы нас сустрэнеце (ці пабліжэе даль?), рака імя Лаўрэнція, зялёны Манрэаль (П.Панчанка).
    Нядаўна (каторы раз!) я прачытаў «Новую зямлю» (І.Шамякін);
    пасля закрывальнай дужкі яны ставяцца тады, калі адносяцца да ўсяго сказа, які заканчваецца словамі, узятымі ў дужкі.
    Напрыклад:
    Іншы раз рэкі двух розных басейнаў бяруць пачатак з аднаго і таго ж балота (напрыклад, рэкі Лучэса і Аршыца паміж Віцебскам і Оршай).
    Відаць, своеасаблівай цікаўнасцю часопіса да славянства тлумачыцца тое, што ён змяшчаў творы групы ўкраінскіх пісьменнікаў (Кастамараў, Аснаўяненка, Гулак-Арцямоўскі і інш.).

  12. Пры спалучэнні пытальніка або клічніка са шматкроп’ем гэтыя знакі ставяцца на месцы першай або першай і другой кропак.
    Напрыклад:

    Ганна, што з табою робіцца?.. Чаму ты такою стала?.. (К.Чорны).
    А што ж ты цяпер рабіць будзеш?!. (Я.Брыль).

  13. Пры спалучэнні шматкроп’я з коскай коска не ставіцца.
    Напрыклад:

    Валюня… слаўная мая… скажы ты мне што-небудзь, га?.. Скажы… (Я.Брыль).
    І там… на дне… цвілі лілеі ў багне вечнасці… (М.Багдановіч).
    Згубілі вербы каляровасць, а там снягі… снягі… снягі… (П.Трус).

  14. Перад шматкроп’ем можа ставіцца двукроп’е ці коска, калі ёсць неабходнасць паказаць пералік цытат, якія прыводзяцца не поўнасцю.
    Напрыклад:

    У тэлеграмах паведамлялася: … ваенны пераварот у Грэцыі, рабочыя ў Францыі адмовіліся разгружаць судны з ваеннымі грузамі…

  15. Калі ў пачатку або ў канцы цытаты (тое ж адносіцца і да простай мовы) сустракаюцца ўнутранае і знешняе двукоссі, то ў друкаваным тэксце яны павінны адрознівацца паміж сабой малюнкам (так званыя «елачкі» і «лапкі»), прычым знешняе двукоссе не павінна апускацца.
    Напрыклад:

    Анатоль Анікейчык пісаў пра помнік Янку Купалу ў Аўраў-парку: «У аснову ідэі гэтага помніка я паклаў Купалаўскі верш “Брату на чужыне”».

Запосціць
Адправіць