Правілы пастаноўкі знакаў прыпынку і двукосся пры простай мове і цытатах §64
У залежнасці ад месца слоў аўтара, якія ўводзяць простую мову, ставяцца наступныя знакі прыпынку:
калі простая мова запісваецца ў радок, яна заключаецца ў двукоссе.
Напрыклад:Барвіна праціснуўся праз натоўп да Андрэя і Санкоўскага і з ходу сказаў: «Пойдзем» (П.Пестрак).
Пасланцы народныя сказалі: «Адной сям’ёю жыць народ наш будзе ад гэтых пор на вечныя вякі» (П.Панчанка);
калі простая мова пачынаецца з абзаца, перад ёй ставіцца працяжнік.
Напрыклад:Васіль ужо гатоў быў зноў пакрыўдзіцца, але Ганна добра, шчыра просіць:
– Скажы што-небудзь!.. (І.Мележ).Нехта гучна клікаў з другога берага:
калі словы аўтара стаяць перад простай мовай, то пасля іх ставіцца двукроп’е, а простая мова, якая пачынаецца не з абзаца, заключаецца ў двукоссе.
– Гэй, паромшчык, давай пераправу! (М.Лынькоў);
Напрыклад:У прамове на ўрачыстым сходзе Якуб Колас гаварыў: «Маё слова, хоць і вузкімі дарогамі, але даходзіла да народа»;
калі словы аўтара стаяць у сярэдзіне простай мовы, падзяляючы яе на дзве часткі, то перад словамі аўтара ў залежнасці ад інтанацыйнага афармлення першай часткі простай мовы ставяцца пытальнік, клічнік, шматкроп’е ці коска і ўслед за гэтымі знакамі – працяжнік, а пасля слоў аўтара – або кропка і працяжнік (калі першая частка простай мовы з’яўляецца закончаным сказам), або коска і працяжнік (калі першая частка простай мовы не з’яўляецца закончаным сказам).
Напрыклад:«Хіба ж можам мы з табою займацца несур’ёзнымі справамі? – пытаннем на пытанне адказала Надзя і прыгарнула да сябе Майку, прытуліла, як туляць дарослыя малых дзяцей. – Расказвай, як жывеш, як ваюеш?» (М.Лынькоў).
«Сцяпанка, – сказаў чалавек, – ідзі пасядзі ў цяньку, ты стаміўся» (К.Чорны).
«Эх, вадзічка… – працягваў Сава, выціраючы твар крысом курткі, – кветкамі пахне» (П.Пестрак).
У словах аўтара могуць ужывацца два дзеясловы са значэннем маўлення, думкі ці блізкія да іх па значэнні; пры гэтым калі другі дзеяслоў адносіцца да другой часткі простай мовы, то пасля слоў аўтара ставяцца двукроп’е і працяжнік.
Напрыклад:«Я сказаў бы вам, ды толькі не ведаю, як прымеце вы тое, што я скажу, – ціха адзываецца ён. І, момант счакаўшы, дадае: – Я думаю, што з гэтага нічога не будзе» (Я.Колас).
«Ведаеш, мама, каго я прывяла? – весела сказала дачка і таемна прашаптала: – Гэта той самы госць, якога мы ўсе калісьці ратавалі ад немцаў» (Я.Маўр).
Калі ў складзе слоў аўтара, што стаяць перад простай мовай, няма дзеясловаў са значэннем маўлення, думкі ці блізкіх да іх па значэнні, то ў канцы слоў аўтара ставіцца кропка.
Напрыклад:Урэшце дзед дастае з кішэні кавалак хлеба.
– Еш, Віхор… На-а-а… (З.Бядуля).Віктар заплюшчыў вочы і на ўвесь пакой прытворна захроп. «Хай думае, што я сплю…» (Б.Сачанка).
Калі словы аўтара ідуць за простай мовай, то пасля простай мовы ў адпаведнасці з інтанацыяй ставяцца пытальнік, клічнік, шматкроп’е ці коска (на месцы кропкі), а за гэтымі знакамі – працяжнік.
Напрыклад:– Што вы сёння нешта не ў гуморы? – запыталася Ядвіся і глянула на настаўніка (Я.Колас).
– Эх, што за мясціна! – пачаў ён [Лабановіч] і раптам перапыніў самога сябе (Я.Колас).
«Вам, Лескавец, відаць, хочацца, каб асабіста вас пахвалілі», – Ліда сказала гэта як бы між іншым, нават не павярнуўшыся да яго (І.Шамякін).
Нявыказаная простая мова, пры якой у складзе слоў аўтара звычайна ёсць дзеяслоў думаць (падумаць) або іншыя словы, спалучэнні слоў і нават сказы са значэннем думкі, меркавання, разважання і пад., заўсёды бярэцца ў двукоссе.
Напрыклад:«Чаму гэта пытала яна [Ядвіся] пра кнігу? – падумаў Лабановіч. – Ці не палажыла яна чаго туды?» (Я.Колас).
«Во ўскочыў дык ускочыў», – чухаў патыліцу Яўхім Бабай (Б.Сачанка).
«Нешта ў іх дома здарылася, – забілася ў Івана трывожна сэрца. – Інакш чужога чалавека на ноч не запрашалі б» (Б.Сачанка).
Рэплікі дзвюх і больш асоб (у дыялогу) звычайна запісваюцца з чырвонага радка і з працяжнікам перад кожнай рэплікай.
Напрыклад:– Ты па вёсцы вольна ходзіш?
– Хаджу, як і хадзіў. А што?
– Нічога, нікога не баішся?
– Я не злодзей, не забойца. Чаго ж мне баяцца? (Б.Сачанка).
– Бой быў, Валя.
– Дзе?
– Над морам. Далёка.
– З кім?
– Невядома (І.Мележ).Калі некалькі рэплік запісваюцца ў радок без указання, каму яны належаць, то паміж імі ставіцца працяжнік і кожная з іх бярэцца ў двукоссе.
Напрыклад:«Вы яшчэ не былі ў сваёй школе?» – «Не, не была. І не ведаю, якая яна там. А вы ўжо даўно тут?» – «А ўжо зараз два месяцы будзе» (Я.Колас).
Калі пасля папярэдняй рэплікі ідуць словы аўтара, то перад наступнай рэплікай працяжнік не ставіцца.
Напрыклад:Нарэшце адчыняюцца дзверы, недзе брэша сабака, уваходжу. Перада мной хлопчык з лямпай у руках. «Ты што тут робіш?» – пытаюся. «Нічога, – кажа. – Чыстапісанне пішу» (В.Быкаў).
Цытаты, як і простая мова, бяруцца ў двукоссе. Скарачэнне цытаты абазначаецца шматкроп’ем.
Напрыклад:«Пісьменнік, які не працуе над мовай, не клапоціцца аб папаўненні сваіх моўных запасаў, – пісаў Якуб Колас, – можа стаць перад небяспекай апынуцца за дзвярыма літаратуры».
Кандрат Крапіва адзначаў, што «…канцылярызмы больш за ўсё псуюць нашу літаратурную мову і ім трэба аб’явіць бязлітасную вайну».