Правапіс літар а, о, э ў складаных словах §5
-
У складаных словах можа быць адзін асноўны і адзін або некалькі пабочных націскаў. Калі ў другой частцы складанага слова націск на першым складзе, то ў першай частцы замест о пішацца а: дабрадзе́й, скарахо́д, салява́р, дабрая́касны, галавало́мка, вадасхо́вішча, малатабо́ец, бамбасхо́вішча, раўнапра́ўе. Літара о захоўваецца ў складаных словах, першай часткай якіх з’яўляюцца слова-, што-, фота-, мота-: словафо́рма, словатво́рчасць; штодзённы, штоме́сяц, штого́д; фотазды́мак, фотако́пія, фотаплёнка, фотака́мера, фотавы́стаўка і г.д.; але: фатагра́фія і вытворныя ад яго; мотаго́нкі, мотакро́с, мотаспо́рт і г.д.; але: матаво́з, матацы́кл і вытворныя ад іх.
-
Калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе, то ў першай частцы захоўваецца о: аснóвапалажэ́нне, бавóўнапрадзі́льны, вóгнетрыва́лы, вóдаразмеркава́льнік, вагóнарамо́нтны, вóстракамбінацы́йны, высóкаідэ́йны, галóўнакама́ндуючы, кóрманарыхто́ўка, кóнегадо́ўля. У першай частцы некаторых складаных слоў, асабліва навуковых тэрмінаў, можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у першай частцы захоўваецца напісанне о: агóрафо́бія, азóнасто́йкі, азóтнакі́слы, збóжжасхо́вішча, кóксага́завы, мангóлазна́ўства, мóвазна́ўства, мóвазна́ўчы, матóразбо́рка, рабóтада́вец, слóватво́рчасць, фóндасхо́вішча і інш. Ва ўсіх іншых выпадках напісанне падобных слоў вызначаецца па слоўніку.
-
Літара о пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): марозаўсто́йлівы, торфаўбо́рачны, вогнеўсто́йлівы, збожжаўбо́рка.
-
Лічэбнікі ад 600 да 800 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова. Напрыклад: Н. шэсцьсот семсот восемсот Р. шасцісот сямісот васьмісот Д. шасцістам сямістам васьмістам В. шэсцьсот семсот восемсот Т. шасцюстамі сямюстамі васьмюстамі М. (аб) шасцістах сямістах васьмістах
-
Гук [э] ў першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазначаецца літарай э: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.
-
У складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбніка: трохдзённы, чатырохпавярховы, шасціствольны, шасцісоты, пяцідзёнка, дзесяцігодка, сямікласнік, васьмігадовы, васьмісоты, дзевяціградусны, саракагоддзе, саракапяцітонны, двухсотметровы.
-
Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор.