Коска пры адасобленых азначальных зваротах і словах §49
Коскамі выдзяляюцца:
дапасаваныя азначэнні, выражаныя дзеепрыметнікавымі і прыметнікавымі словазлучэннямі, што стаяць пасля назоўніка, які паясняюць.
Напрыклад:Між імён, праслаўленых на свет, былі імёны нашых блізкіх і знаёмых (П.Глебка).
Вядома, няма ўжо таго пярэстага дывана, калі бела-сінім полымем палае дол, зарослы пралескамі (І.Навуменка).
Сінявокая смуга, поўная цеплыні і ласкі, песціла далёкія лясы і купчастыя бярозы (Я.Колас);
дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі без паясняльных слоў, калі яны стаяць пасля назоўніка, з якім звязаны, і звычайна маюць падкрэсленую сэнсавую нагрузку.
Напрыклад:Шуміць рака, вясёлая, жывая (А.Бачыла).
А пад поўнач пасыпаў сняжок, заложны, спорны, густы і сухі (Я.Колас).
Хата, вымытая і прыбраная, чакала гасцей.
Лабановіч, зацікаўлены, глянуў яшчэ раз на пасаду (Я.Колас);
дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі_ (з паясняльнымі словамі і без іх), калі яны стаяць перад назоўнікам і маюць дадатковае акалічнаснае адценне_ (прычыны, уступкі).
Напрыклад:Узрушаны і выведзены з раўнавагі, старшыня грозна ўшчувае крыкуноў (Я.Колас).
Захоплены гэтаю новаю думкаю, Пракоп доўга не можа заснуць (Я.Колас).
Падахвочаныя, дужыя, хлопцы адразу ўзяліся за працу (Я.Колас);
дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі з паясняльнымі словамі і без іх, якія адносяцца да назоўніка (пераважна да дзейніка) і стаяць перад ім, радзей – пасля яго, але аддзеленыя ад гэтага назоўніка выказнікам ці іншымі членамі сказа.
Напрыклад:Магутныя ў сваёй велічы, стаялі старыя дубы (І.Навуменка).
Мокрая і прыціснутая асеннім холадам, цяпер гэта расліннасць усё яшчэ гусцілася і ўпарта зелянелася (К.Чорны).
Ігнась вярнуўся дадому праз два тыдні, схуднелы, абарваны (У.Ліпскі);
дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, адзіночныя і з паясняльнымі словамі, якія адносяцца да асабовых займеннікаў.
Напрыклад:Пранікніцеся любоўю да маёй Беларусі, людзі. Велічная і гордая, яна таго вартая (У.Караткевіч).
Радасная здагадка азарае мяне, і, здзіўлены, я паволі ўстаю ў акопе (В.Быкаў).
Пільны, насцярожаны, ступіў ён у хату (І.Мележ).
Калі ў склад адасобленага азначальнага звароту ўключана іншая ўдакладняльная канструкцыя, то яна выдзяляецца коскамі:Навокал быў густы травяністы луг, усыпаны, нібы пацеркамі, расою… (Я.Сіпакоў).
Калі дапасаваныя азначэнні не маюць выражанага акалічнаснага значэння, коска можа не ставіцца:Працяты марозам снег хрустка скрыпеў пад нагамі дзеда Талаша і грамознага Мартына Рыля (Я.Колас).
Дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, адзіночныя і з паясняльнымі словамі, адасабляюцца і выдзяляюцца коскамі і ў тым выпадку, калі пры іх займеннік адсутнічае, але падразумяваецца: Заняты думкамі, [я] і не заўважыў, як надышоў вечар.
Калі да аднаго назоўніка або займенніка ў сказе адносяцца некалькі адасобленых азначэнняў, выражаных дзеепрыметнікавымі і прыметнікавымі словазлучэннямі або адзіночнымі азначальнымі словамі, то яны раздзяляюцца коскамі як аднародныя члены сказа.
Напрыклад:Даніла Платонавіч смяяўся шчыра і весела, гэтак жа як і яны, маладыя, бадзёрыя (І.Шамякін).
Ён [дзік], натапыраны, раз’юшаны, раз’ятраны, стаяў непадалёку ад толькі што вырытай ямкі і цяжка дыхаў – бакі яго хадзілі ходырам (Б.Сачанка).
Не адасабляюцца і не выдзяляюцца коскамі дапасаваныя азначэнні, выражаныя адзіночнымі прыметнікамі і дзеепрыметнікамі, што стаяць пасля назоўніка, які паясняюць і з якім утвараюць адно сэнсавае цэлае.
Напрыклад:Плыве, гудзе шум гулкі, будаўнічы… (Я.Купала).
Травою спелаю, мурожнай уся запахла сенажаць (А.Астрэйка).
Не выдзяляюцца коскамі дапасаваныя азначэнні, выражаныя прыметнікамі і дзеепрыметнікамі (з паясняльнымі словамі або без іх), якія пры цеснай сувязі з дзеясловам становяцца іменнай часткай выказніка.
Напрыклад:Саша ішла дадому вясёлая, узрушаная гульнёй (І. Шамякін).
А лес, як добры той знаёмы, стаіць збялелы, нерухомы (Я.Колас).
Адасабляюцца і выдзяляюцца коскамі:
недапасаваныя азначэнні, выражаныя назоўнікамі ва ўскосных склонах (з паясняльнымі словамі і без іх), з прыназоўнікамі і, радзей, без прыназоўнікаў.
Напрыклад:Без шапкі, у адной гімнасцёрцы, Васіль з усяе сілы працаваў вёсламі (І.Шамякін).
Хутчэй бы прыйшла зіма, белая і маладая, з малінавымі маразамі, са звонам канькоў на лёдзе і навагодняй ёлкай (П.Панчанка).
На гарадок паўзла цёмна-шызая хмара, з ружова-серабрыстымі беражкамі (С.Грахоўскі);
прыдаткі, якія адносяцца да асабовых займеннікаў і звычайна стаяць пасля іх, зрэдку – перад займеннікам.
Напрыклад:І толькі ён, мароз заўзяты, мароз занадта зухаваты, адзін па лесе пахаджае… (Я.Колас).
Вунь яны цягнуцца, варожыя акопы (А.Марціновіч).
Сын лесніка, я сам з маленства любіў паліць касцёр, пасядзець ля вогнішча (І.Шамякін);
прыдаткі, якія адносяцца да назоўнікаў, стаяць пасля іх і не ўтвараюць з імі цеснага сэнсавага адзінства, у тым ліку і тыя, што далучаюцца пры дапамозе злучніка як (з адценнем прычыны).
Напрыклад:І мядзведзь, даўні ўладар пушчаў, таксама прабівае сабе сцежку, прыходзячы з далёкіх нязведаных сховаў (П.Пестрак).
Сцяпана, як смелага салдата, часта пасылалі ў разведку (В.Быкаў);
прыдаткі, якія з’яўляюцца ўласнымі імёнамі, стаяць пасля агульнага назоўніка і маюць удакладняльнае значэнне (перад імі можна без змены сэнсу ўставіць словы гэта значыць, а іменна).
Напрыклад:Часцей заходзіць туды і старшыня, Захар Лемеш (Я.Колас).
Гэта быў наш сусед, Іван Бразоўскі, Шуркаў бацька (Я.Брыль);
прыдаткі, якія адносяцца да ўласнага імя, стаяць пасля яго і маюць удакладняльнае значэнне.
Напрыклад:Ганна, маці Лабановіча, была жанчына добрая, працавітая, руплівая… (Я.Колас).
Самай выдатнай фігурай Адраджэння быў Францыск Скарына, сын купца з Полацка (У.Караткевіч).
Перад уласным імем і агульным назоўнікам прыдатак адасабляецца толькі тады, калі мае дадатковае акалічнаснае значэнне:Пісьменнік-псіхолаг, Колас вельмі добра разумеў чалавечыя характары (І.Шамякін).
Два прыдаткі, якія стаяць перад уласным імем, коскамі не аддзяляюцца, тры і болей – аддзяляюцца: доктар тэхнічных навук прафесар Сідарчук І.М.; начальнік штаба капітан Дзянісаў; доктар тэхнічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мацкевіч Ю.Ф.; дэкан, доктар хімічных навук, прафесар Васільеў А.А. і інш.
Пасля ўласнага імя прыдаткі такога тыпу аддзяляюцца коскамі: М.І.Смяян, доктар сельскагаспадарчых навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь.Выдзяляецца коскамі прыдатак да назоўніка або асабовага займенніка, які ёсць або падразумяваецца ў папярэднім сказе ці ў частцы складанага сказа:
Дзе ж падзеўся той Сымон? Ці дзе ходзіць спазарання, непаседа-ветрагон? (Я.Колас).