Правільна!

Правілы пастаноўкі клічніка §44

  1. Клічнік ставіцца ў канцы простага і складанага сказаў, якія вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй.
    Напрыклад:

    Эх, і прывабныя стаяць летнія дзянькі! (І.Навуменка).
    Што за дзяўчына! Што за натура! (Я.Колас).
    Як хацеў бы я па палях прайсці і ўпіцца іх пахам, росамі, паглядзець, зірнуць, як жыты растуць, як калосікі наліваюцца! (Я.Колас).
    Цыц! Не смець казаць мянушку, а то зніму на вас папружку! (Я.Колас).
    «Рукі ўгору!» – грымнуў тут дзядзька Мірон… (М.Лынькоў).
    Ён не служка тут больш – квіта! (Я.Колас).

    Калі часткі складанага сказа з’яўляюцца клічнымі, то яны раздзяляюцца коскай або іншым знакам прыпынку, а ў канцы сказа ставіцца клічнік.
    Напрыклад:
    Якія знаёмыя назвы і словы, якая цудоўная родная мова! (П.Панчанка).
    Ты паслухай, Апанас, што за голас, што за бас! (Я.Колас).
    Параўн.: Колькі хараства і чароўнага прывабу ў сініх даляхЎ Колькі новых малюнкаў, свежых матываў і таемных здарэнняў абяцаюць яны вачам і сэрцу падарожнага! (Я.Колас).
    Як хітра, мудра збудавана! Як чыста, хораша прыбрана! (Я.Колас).

  2. Клічнік ставіцца пасля звароткаў, якія стаяць у пачатку або ў канцы сказа, пасля выклічнікаў і гукаперайманняў, што стаяць у пачатку, у сярэдзіне ці ў канцы сказа, калі гэтыя словы вымаўляюцца з клічнай інтанацыяй.
    Напрыклад:

    Піліпчык! Нясі з істопкі, што там ёсць у нас. Людзям час даўно снедаць (М.Лынькоў).
    Я помню летнія часіны і вас, грыбныя баравіны! (Я.Колас).
    – Гу-гу! – штось гукне, садрыгнецца, бах-бах! – на гук той адзавецца і аж па лесе пойдзе рэхам… (Я.Колас).
    Там рыба – ого-го! (Я.Маўр).

  3. Клічнік ставіцца ў канцы слоў і сказаў, якімі эмацыянальна перадаюцца прывітанні, развітанні, віншаванні, пажаданні, заклікі і інш.
    Напрыклад:

    – Дзень добры!
    – Дзень добры! Сядай, чалавеча!
    (А.Куляшоў).
    – Добры дзень вам! – сказала, усміхаючыся ад нечаканасці і здзіўлення, Вера Сымонаўна (Б.Сачанка).
    Усім народам – мір і шчасце! (А.Астрэйка).
    Добрай ночы!
    Слава працаўнікам-хлебаробам!
    З Новым годам! З новым шчасцем!
    Здароўя вам і поспехаў!

  4. Клічнік можа ставіцца пасля «назоўнай тэмы» («назоўнага ўяўлення»).
    Напрыклад:

    Мурог! Ды што за травіца! І шоўк у ёй мяккі і лён, і вечная наша крыніца з гаючай жывіцай-вадзіцай ад бацькаўскіх, дзедаўскіх дзён! (Я.Колас).
    Радзіма, Радзіма! Зямля маіх продкаў, гаворка пявучая, песня-душа! Сціскалася сэрца ад болю салодкага, ад горкай любові, пазнанай спярша (А.Звонак).

  5. Клічнік можа ставіцца ў дужках для выражэння эмацыянальных адносін да зместу выказвання.
    Напрыклад:

    Прыйшоў адтуль [з рэдакцыі] ліст. А ў ім, як звычайна, пісалася: «… відаць, вы (!) упершыню ўзяліся за пяро…» (В.Зуёнак).
    Сцэна (дадатковая), якая падвешана (!) над звычайнай сцэнай, важыць зноў жа ні многа ні мала – сорак пяць тон… (А.Васілевіч).

Запосціць
Адправіць