Правілы пастаноўкі кропкі §42
Кропка ставіцца ў канцы закончанага апавядальнага сказа:
Вечар быў цёмны і ціхі. Побач з чыгункай стаяў высокі стары лес, таемны, пануры і важны. На станцыі шумеў паравоз таварнага цягніка, шумеў ціха і роўна, як бы баючыся парушыць спакой гэтага лесу. Замаўкаюць птушыныя звонкія спевы, калі восень прыходзіць у край наш лясны. Позняя ноч. Цішыня.
Калі ў канцы апавядальнага сказа ў дужках указваецца аўтар або даецца пашпартызацыя, то кропка ставіцца пасля дужак:
Жнеі спяваюць у полі, жыта густое жнучы (М.Танк).
Госця, маладая дзяўчына, сядзела ў пакоі і ціха размаўляла з маці (У.Караткевіч).
Выдатны паэт і крытык Максім Багдановіч вылучаўся глыбокай і шырокай адукацыяй, тонкім разуменнем паэзіі (ЛіМ).
Пасля слоў і сказаў, якія з’яўляюцца загалоўкамі да тэкстаў, папер рознага прызначэння, а таксама кніг, карцін, фільмаў і іншых твораў, пасля надпісаў на шыльдах кропка не ставіцца. Калі ж загаловак, назва або надпіс складаюцца з двух або некалькіх сказаў, то кропка пасля апошняга сказа не ставіцца:
Рэстаран «Ружа». Сямейныя абеды
Кропкай звычайна аддзяляецца «назоўны тэмы» – назва прадмета, асобы ці з’явы, пра якую будзе ісці гаворка ў наступным тэксце.
Напрыклад:Піхты. Вынослівыя, гонкія, стройныя. Яны, як громаадводы, тырчаць з тайгі. Без сукоў, адны голыя ствалы. Толькі на самай макавіне дзе-нідзе рэдзенькія кароценькія лапкі (Я.Сіпакоў).
Дзед Міронавіч. З-за яго і запісваю гэта. Дзед – у капелюшы, з сахаром у руцэ. А барада… раскошная, як у прарока (Я.Брыль).
Кропка ставіцца ў канцы пабуджальных сказаў, калі просьба ці пажаданне выказаны спакойным тонам, без клічнай інтанацыі.
Напрыклад:Ніколі не спыняйцеся на паўдарозе (Я.Колас).
Не шуміце, вербы, ля майго акна (П.Броўка).
Бярыце, дзеці, кошыкі, паедзем мы на пошукі тугіх баравікоў (П.Панчанка).
Не хітруй, Аўсееў. Тут табе не кірмаш – таргавацца. Табе загадана, ты і выконвай (В.Быкаў).
Кропка ставіцца ў канцы складаных сказаў з ускосным пытаннем.
Напрыклад:Пятро падышоў і спытаў у шафёра, ці можна пад’ехаць (І.Шамякін).
Дзед Талаш і Мартын Рыль сталі раіцца аб тым, што рабіць далей і куды ісці (Я.Колас).
Міхалка і не стараўся дазнацца, дзе бывае яго гаспадар (К.Чорны).
Кропка ставіцца пасля сцвярджальных ці адмоўных слоў-сказаў так, не і іх сінонімаў (ага, але, эге, ну, добра і інш.) пры адсутнасці клічнай або пытальнай інтанацыі.
Напрыклад:«У бібліятэку збіраецеся?» – «Так».
«А вы, уласна кажучы, хто? Інжынер?» – «Не. Настаўніца» (І.Шамякін).
«Ты мяне слухаеш?» – «Ага» (Я.Колас).
Кропка ставіцца перад злучнікамі і, ды, а, але, аднак і інш., калі яны звязваюць паміж сабой самастойныя сказы.
Напрыклад:Лабановіч борздзенька кінуўся да форткі. Але там было ўсё ціха (Я.Колас).
Саўчанка дазволіў разлікам добра адаспацца. Ды на холадзе, у сырых нішах, не надта спіцца (І.Шамякін).
Кропкай аддзяляюцца асобныя часткі выказвання пры парцэляцыі.
Напрыклад:Людзі змагаюцца і перамагаюць. Вайну. Страх. Голад. Дэспатызм, тупасць… (І.Шамякін).
«Тады будзе мір. І шчасце. І жыццё», – сказаў я не без некаторага пафасу (В.Быкаў).
Кропка ставіцца ў канцы рубрык пералічэння, калі гэтыя рубрыкі з’яўляюцца самастойнымі сказамі. Паслядоўнасць пунктаў пазначаецца лічбамі з кропкай.
Напрыклад:У пастанове былі запісаны чатыры пункты:
1. Арганізаваць саюз настаўнікаў на падставе пастановы сходу ад 9 ліпеня 1906 года.
2. Саюз ставіць сабе асноўнай мэтай – весці барацьбу з самадзяржаўным ладам шляхам прапаганды ідэі рэвалюцыі сярод насельніцтва і распаўсюджання рэвалюцыйнай літаратуры. Кожнаму члену арганізаванага настаўніцкага саюза ставіцца ў абавязак – стварэнне на месцах рэвалюцыйных ячэек з мэтай прыцягнення найбольшай колькасці членаў у саюз настаўнікаў.
3. Арганізаванаму настаўніцкаму саюзу далучыцца да Усерасійскага саюза настаўнікаў і ўвайсці з ім у цесныя зносіны.
4. Для вядзення спраў саюза выбіраецца бюро ў складзе 3-х асоб: Садовіча, Райскага і Тукалы (Я.Колас).Кропка ставіцца пасля ўмоўных графічных скарачэнняў (акрамя стандартных скарочаных абазначэнняў метрычных мер): г. Мінск; в. Лебядзінец; г. Капыль Мінскай вобл.; але: 100 г, 5 см, 3 сек і інш.
Калі ўмоўным графічным скарачэннем заканчваецца сказ, то ў канцы сказа другая кропка не ставіцца.
Напрыклад:Існуюць індукцыйная электрычная зварка (токамі высокай частаты), зварка электронным промнем і інш.
Кропкай аддзяляюцца назвы дзеючых асоб у драматургічных творах, калі гэтыя імёны запісваюцца ў адным радку з рэплікай.
Напрыклад:Ч а р н а в у с. Можа, я занадта рэзка выступіў. Трэба будзе пагаварыць з ім.
В е р а. Я лічу, што вы вельмі добра выступілі, і няма чаго вам прабачэння прасіць (К.Крапіва).
Кропка ставіцца ў спасылках (у тым ліку і падрадковых) пры ўказанні на крыніцу цытаты пасля прозвішча аўтара, калі ўслед за ім ідзе назва твора гэтага аўтара.
Напрыклад:Было лета, самая зялёная пара яго (І.Мележ. «Подых навальніцы»).
Тварэц мовы – народ. Задача ж пісьменніка – у фарміраванні, адборы лепшага, у прывядзенні мовы да літаратурных норм. Як бачым, задача немалая. Мы павінны мець мову прыгожую, гучную, простую, але гнуткую і выразную (Я.Колас. «Развіваць і ўзбагачаць літаратурную мову»).