Правільна!

Правілы пераносу простых, складаных, складанаскарочаных слоў, умоўных графічных скарачэнняў і іншых знакаў §41

  1. З аднаго радка на другі слова пераносіцца па складах: во-ля, тра-ва, за-яц, га-ла-ва, ка-ва-лак, стра-ка-ты, пра-ве-рыць, пе-ра-кі-нуць.

  2. Калі ў сярэдзіне слова паміж галоснымі маецца спалучэнне зычных, то пераносіцца на наступны радок або ўсё гэта спалучэнне, або любая яго частка. Можна пераносіць: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; во-стры, вос-тры, вост-ры; пту-шка, птуш-ка; кро-пля, кроп-ля; ма-ста-цтва, мас-тац-тва, мас-тацт-ва; ра-змова, раз-мова; за-става, зас-тава; ра-скрыць, рас-крыць, раск-рыць; бя-скрыўдна, бяс-крыўдна, бяск-рыўдна; дзя-ці-нства, дзя-цін-ства, дзя-цінс-тва, дзя-цінст-ва; двац-цаць, два-ццаць; калос-се, кало-ссе; сол-лю, со-ллю; памяц-цю, памя-ццю; мыц-ца, мы-цца; паа-бапал, па-абапал; насен-не, насе-нне.

  3. Пры пераносе нельга:
    пакідаць або пераносіць на наступны радок адну літару, нават калі яна адпавядае складу: аса-ка, лі-нія, ра-дыё, еха-лі, па-коі;
    разбіваць пераносам спалучэнні літар дж і дз, калі яны абазначаюць адзін гук [дж], [дз’]: ура-джай, са-джаць, ра-дзі-ма, ха-дзіць. Спалучэнні дж і дз можна разбіваць пераносам, калі д адносіцца да прыстаўкі, а з, ж – да кораня: пад-жары, ад-жаць, пад-земны, ад-значыць;
    аддзяляць ад папярэдняй галоснай літары й і ў: сой-ка, бой-кі, май-стар, дай-сці, зай-мацца, праў-да, слоў-нік, маў-чаць, заў-тра, праў-нук;
    аддзяляць мяккі знак і апостраф ад папярэдняй зычнай: буль-ба, прось-ба, вазь-му, бур’-ян, сем’-яў, мыш’-як.

  4. У складаных словах кожная іх частка пераносіцца згодна з правіламі пераносу асобных слоў: се-на-ўбо-рка, збож-жа-зда-ча.

  5. Не дзеляцца пры пераносе абрэвіятуры, якія пішуцца вялікімі літарамі або з’яўляюцца спалучэннем літар і лічбаў, а таксама графічныя скарачэнні слоў і выразаў: ААН, ЮНЕСКА, НАТА, АБСЕ, ДАІ, АІ-95, г.д., г.зн., стст.; не адрываюцца пры пераносе ад лічбаў далучаныя да іх злучком канчаткі або часткі канчаткаў: а 19-й (гадзіне), 1-га (студзеня); не адрываюцца ад прозвішчаў ініцыялы: Я.Брыль, К.М.Міцкевіч, Я.Ф.Карскі, Гурскі М.І.; не пераносяцца на наступны радок знакі прыпынку; не пераносіцца на наступны радок злучок (дэфіс), які супадае са знакам пераносу (пры гэтым знак пераносу не ставіцца); пры пераносе нельга адрываць ад лічбы скарочаныя назвы адзінак вымярэння: 1990 г., ХХІ ст., 100 кг, 50 га, 2 км, 10 см, 1000 руб.

Запосціць
Адправіць