Перадача акання на пісьме §4
-
Галосныя гукі [о], [э] ў ненаціскным становішчы чаргуюцца з [а]: дом – дамы́, мо́ва – маўле́нне, цэ́гла – цагля́ны, шэпт – шапта́ць.
-
Незалежна ад паходжання слова гук [о] ў ненаціскных складах вымаўляецца як [а], што перадаецца на пісьме: гара́, вада́, баранава́нне, ко́лас, хо́лад, бало́та, Бандарэ́нка, Ко́ханава, Ку́нцава, Гаме́р, Сакра́т, арганіза́цыя, педагагі́чны, электара́т, харэагра́фія, заало́гія. Не падпарадкоўваюцца аканню словы са спалучэннямі ро, ло, якія чаргуюцца з ры, лы: кроў – крыві́ – крыва́вы, дро́вы – дрыво́тня, кро́шка – крышы́ць, бро́вы – брыво́, гром – грымо́ты – грыме́ць, брод – брысц́і, гло́тка – глыта́ць, бло́хі – блыха́.
-
У словах славянскага паходжання і запазычаных словах, цалкам адаптаваных у беларускай мове, галосны [э] ва ўсіх ненаціскных складах чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: стрэ́хі – страха́, шэ́ры – шарэць, чэ́ргі – чарга́, крэмль – крамлёўскі, жэ́мчуг – жамчу́жына, арэ́нда – арандава́ць, майстэ́рня – ма́йстар. Ва ўласных імёнах са славянскай лексічнай асновай і ў даўно запазычаных словах з неславянскіх моў у ненаціскных складах гук [э] падпарадкоўваецца агульным правілам акання – пасля цвёрдых зычных ён чаргуецца з [а] і абазначаецца на пісьме літарай а: Беразіно́, Чарапаве́ц, Жамчу́жнікаў, Чарнышэ́ўскі, Шаўчэ́нка, Чалю́скін, лі́тара, транслітара́цыя.
-
Перадача на пісьме [э] ў іншых запазычаных словах у ненаціскных складах асновы вызначаецца наступнымі правіламі: у пачатку слова [э] перадаецца на пісьме літарай э ў адпаведнасці з беларускім літаратурным вымаўленнем: экано́мія, экза́мен, эква́тар, этажэ́рка, элеме́нт. Літара э пішацца пасля прыставак і ў другой частцы складанага слова: праэкзаменава́ць, трохэлеме́нтны, квінтэсэ́нцыя; пасля шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц] пішацца э: жэто́н, Жэне́ва, Жэра́р, жэлаці́н, чэкме́нь, рэспу́бліка, рэфо́рма, Рэма́рк, рэкла́ма, рэа́ктар, рэві́зія, агрэга́т, рэжы́м, рэко́рд, рэе́стр, рэвалю́цыя, дэта́ль, гардэро́б, Дэтро́йт, Дэфо́, дэлега́т, дэманстра́цыя, о́рдэн, тэо́рыя, тэа́тр, тэлегра́ф, тэлефо́н, ветэра́н, ка́тэт, тэрмо́метр, тэарэ́ма, цэнтралі́зм, цэві́та.
-
У запазычаных словах напісанне э і а пасля зычных, акрамя шыпячых, [р], [д], [т] і цвёрдага [ц], вызначаецца па слоўніку: панэ́ль; але: шыне́ль.
-
Ненаціскныя фіналі -эль, -эр у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар: шні́цаль, шпа́таль, мі́таль, фо́рталь, ка́рцар, грэ́йдар, лі́дар, камп’ю́тар, пэ́йджар, рэйсфе́дар, эспа́ндар, тэ́ндар, о́рдар, ме́неджар, фарва́тар, а́льма-ма́тар, кра́тар, прэсві́тар. Ненаціскныя фіналі -эль, -эр ва ўласных імёнах іншамоўнага паходжання перадаюцца нязменна: Ландэр, Одэр, Пітэр, Юпітэр.