Правільна!

Складаныя назоўнікі і прыметнікі

Складаныя назоўнікі §35

  1. Пішуцца разам: складаныя назоўнікі з дзвюх і больш асноў, якія спалучаюцца пры дапамозе злучальных галосных о (а), е (я): конезавод, льнозавод, далягляд, землетрасенне, птушкагадоўля, чалавекалюбства, бульбакапалка, хлебапякарня, свінагадоўля, старадрук, чарназём, гарналыжнік, самалёт, патолагаанатам, медыкапсіхолаг; складаныя назоўнікі, у якіх першай часткай з’яўляецца дзеяслоўная форма загаднага ладу на (): вярцішыйка, сарвігалава, вярнідуб, прайдзісвет, пакацігарошак; але: перакаці-поле; складаныя назоўнікі ад’ектыўнага тыпу скланення, калі яны з’яўляюцца навуковымі тэрмінамі: галаваногія, бруханогія; складаныя ўласныя назвы паселішчаў з пачатковай часткай нова- (нава-), стара-, верхне- (верхня-), ніжне- (ніжня-), сярэдне- (сярэдня-) і інш.: Новалукомль, Наваполацк, Навасады, Навагрудак, Старакожаўка, Верхнядзвінск, Ніжнявартаўск, Сярэдняборск, Краснаполле, Крутагор’е, Светлагорск.

  2. Пішуцца праз злучок складаныя назоўнікі: у якіх скланяюцца ўсе словы: папараць-кветка, вагон-рэстаран, лётчык-касманаўт, член-карэспандэнт; у якіх скланяецца толькі апошняе слова: жар-птушка, сон-трава, стоп-сігнал, вакуум-насос, дызель-матор, генерал-маёр, прэм’ер-міністр, норд-ост; з аднаслоўным прыдаткам: лён-даўгунец, заяц-русак, нявеста-красуня, дзед-мароз, горад-герой. Пры адваротным парадку назоўніка і аднаслоўнага прыдатка злучок не пішацца: красуня дзяўчына; са значэннем цэласнай адзінкі вымярэння: кілават-гадзіна, тона-кіламетр-гадзіна, самалёта-вылет, чалавека-дзень; але: працадзень; якія называюць прадстаўнікоў палітычных і іншых грамадскіх рухаў: ліберал-дэмакрат, нацыянал-патрыёт, сацыял-дэмакрат; з пачатковымі часткамі арт-, віцэ-, вэб-, лейб-, максі-, міні-, обер-, унтэр-, штаб- (штабс-), экс-, прэс-, блок-: арт-галерэя, віцэ-прэм’ер, вэб-старонка, лейб-гвардыя, максі-прэс, міні-матч, обер-майстар, унтэр-афіцэр, штаб-ротмістр, штабс-капітан, экс-чэмпіён, экс-прэм’ер, прэс-сакратар, блок-сігнал; але: блокпост.

  3. Пішуцца праз злучок: субстантываваныя спалучэнні слоў, якія з’яўляюцца назвамі раслін: брат-і-сястра; састаўныя прозвішчы, імёны і назвы геаграфічных аб’ектаў: Бялыніцкі-Біруля, Дунін-Марцінкевіч, Жан-Жак Русо, Бурат-Манголія, Эльзас-Латарынгія, Аўстра-Венгрыя, Камянец-Падольскі, Буда-Кашалёва, Пераяслаў-Хмяльніцкі, Давыд-Гарадок, Камень-Кашырскі; уласныя геаграфічныя назвы, якія з’яўляюцца спалучэннем назоўніка з назоўнікам у месным склоне і прыназоўнікам на, а таксама падобнымі іншамоўнымі спалучэннямі слоў з дэ, сюр: Растоў-на-Доне, Франкфурт-на-Майне, Па-дэ-Кале, Булонь-сюр-Мэр; іншамоўныя ўласныя імёны з канцавымі часткамі -хан, -шах, -паша, -бей, -бай, -задэ, -аглы, -кызы, -бек і інш.: Ахмат-шах, Асман-паша, Ізмаіл-бей, Курман-бай, Турсун-задэ, Кёр-аглы, Зейнал-кызы, Асман-бек; іншамоўныя ўласныя назвы асоб і геаграфічных аб’ектаў з пачатковымі часткамі Ван-, Мак-, Нью-, Сан-, Санкт-, Сен-, Сент-: Ван-Дэйк, Мак-Магон, Мак-Кінлі, Нью-Кастл, Сан-Себасцьян, Сан-Марына, Санкт-Пецярбург, Сен-Санс, Сент-Экзюперы; уласныя назвы паселішчаў з пачатковай часткай Усць-, Верх-, Соль-: Усць-Каменагорск, Верх-Ірмень, Соль-Ілецк.

  4. Калі ў назве, якая складаецца з двух і больш назоўнікаў, першы абазначае родавае паняцце, а другі з’яўляецца ўласным імем, яны пішуцца асобна: рака Днепр, горад Мінск, вулкан Везувій, маёр Кравец, дзед Янка.

  5. Артыклі і часціцы (да, дэ, ла, ле, ля і інш.), а таксама словы дэр, дон, фон, ван у іншамоўных уласных назвах пішуцца асобна: Леанарда да Вінчы, Шарль дэ Кастэр, Анарэ дэ Бальзак, ла Валета, ла Мот, ле Шапелье, ля Крэзо, Ван дэр Мейлен, фон дэр Гольц, дон Хуан, Людвіг ван Бетховен.

  6. Асобна пішуцца словы ў геаграфічных уласных назвах, якія з’яўляюцца спалучэннем поўнага прыметніка ці парадкавага лічэбніка з назоўнікам: Стары Свержань, Белы Груд, Карнаты Дуб, Вялікія Радванічы, Старыя Дарогі, Астрашыцкі Гарадок, Восьмая лінія (вуліца), Першая пасялковая (вуліца), Першы чыгуначны (завулак).

Складаныя прыметнікі §36

  1. Пішуцца разам прыметнікі: якія суадносяцца са складанымі назоўнікамі, што пішуцца разам: чарназёмны (чарназём), водаправодны (водаправод), мастацтвазнаўчы (мастацтвазнаўства), іншаземны (іншаземец), радыёфізічны (радыёфізіка), жалезабетонны (жалезабетон), самаходны (самаход), хваляводны (хвалявод); якія суадносяцца са словазлучэннямі з падпарадкавальнай сувяззю: каменнавугальны (каменны вугаль), народнапаэтычны (народная паэзія), агульнаадукацыйны (агульная адукацыя), меднарудны, цэнтральнаеўрапейскі, уласнаручны, цвёрдапаліўны, круглагадовы, чырванабокі; якія суадносяцца са словазлучэннямі дзеясловаў з назоўнікамі: дрэваапрацоўчы (апрацоўваць дрэва), масларобны (рабіць масла), мукамольны (малоць муку), касцярэзны, кветкаводчы, водазаборны, ільноцерабільны, лесанарыхтоўчы, лёсавызначальны; якія суадносяцца са словазлучэннямі назоўнікаў з лічэбнікамі і прыслоўямі адноснай меры колькасці, аб’ёму, прасторы і інш.: двухразовы (два разы), трохколавы, двухтысячагадовы, сямісотпяцідзесяцігадовы, саракаградусны, пяцідзесяціпрацэнтны, саракатонны, шматразовы, мнагалюдны, усемагутны; першай часткай якіх з’яўляюцца прыслоўі: моцнадзеючы (моцна дзейнічаць), лёгкапаранены (лёгка параніць), цяжкаўспрымальны (цяжка ўспрымаць), нізкарослы, высокаадукаваны, слабасалёны, добраўпарадкаваны, малапрыкметны; але: дыяметральна процілеглы (супрацьлеглы), чыста беларускі, яскрава вызначаны, выключна дасканалы, асабліва адказны, колькасна акрэслены, рэзка адмоўны, кепска ўзараны, усенародна абраны, выпадкова сустрэты, своечасова прыняты, адносна спакойны, бясконца глыбокі, матэрыяльна зацікаўлены; складаныя прыметнікі з дзвюх і больш лексічных частак, якія служаць для абазначэння навуковых і тэхнічных паняццяў: старажытнаўсходнеславянскі, правабярэжназаходнебугскі, старабеларускамоўны, індаеўрапейскі.

  2. Пішуцца праз злучок складаныя прыметнікі: утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца праз злучок: вакуум-насосны, генерал-губернатарскі, унтэр-афіцэрскі, ліберал-дэмакратычны, давыд-гарадоцкі, санкт-пецярбургскі і інш.; часткі якіх абазначаюць разнародныя назвы адпаведнай прыкметы: прыродна-гаспадарчы, жыллёва-будаўнічы, аграрна-сыравінны, лячэбна-працэдурны, таварна-грашовы, электронна-вылічальны, навукова-тэхнічны, грамадска-палітычны, сусветна-гістарычны, народна-вызваленчы, сярэдне-верхні, прытарна-салодкі і інш.; часткі якіх абазначаюць раўнапраўныя паняцці: рабоча-сялянскі, руска-беларускі; часткі якіх абазначаюць асаблівасці ці адценні разнароднай якасці: кісла-салодкі, жоўта-зялёны, горка-салёны, гучна-пявучы і інш.; часткі якіх абазначаюць напрамкі свету ў іх спалучэнні: паўночна-заходні; якія ўваходзяць у склад геаграфічных назваў з пачатковай часткай Усходне-, Заходне-, Паўднёва-, Паўночна-, Цэнтральна- і інш.: Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Заходне-Сібірская раўніна, Цэнтральна-Азіяцкі рэгіён і інш.; пачатковай часткай якіх з’яўляюцца лічба або літара любога алфавіта: 1000-гадовы, 5-павярховы, Т-падобны.

  3. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад складаных уласных імёнаў са злучком, калі яны маюць прыстаўку, пішуцца разам: заісыккульскі, перадцяньшанскі.

  4. Складаныя прыметнікі з пачатковай часткай ваенна- пішуцца разам: ваеннапалонны, ваеннапалявы, ваеннаабавязаны.