Правільна!

Складаныя прыметнікі §36

  1. Пішуцца разам прыметнікі: якія суадносяцца са складанымі назоўнікамі, што пішуцца разам: чарназёмны (чарназём), водаправодны (водаправод), мастацтвазнаўчы (мастацтвазнаўства), іншаземны (іншаземец), радыёфізічны (радыёфізіка), жалезабетонны (жалезабетон), самаходны (самаход), хваляводны (хвалявод); якія суадносяцца са словазлучэннямі з падпарадкавальнай сувяззю: каменнавугальны (каменны вугаль), народнапаэтычны (народная паэзія), агульнаадукацыйны (агульная адукацыя), меднарудны, цэнтральнаеўрапейскі, уласнаручны, цвёрдапаліўны, круглагадовы, чырванабокі; якія суадносяцца са словазлучэннямі дзеясловаў з назоўнікамі: дрэваапрацоўчы (апрацоўваць дрэва), масларобны (рабіць масла), мукамольны (малоць муку), касцярэзны, кветкаводчы, водазаборны, ільноцерабільны, лесанарыхтоўчы, лёсавызначальны; якія суадносяцца са словазлучэннямі назоўнікаў з лічэбнікамі і прыслоўямі адноснай меры колькасці, аб’ёму, прасторы і інш.: двухразовы (два разы), трохколавы, двухтысячагадовы, сямісотпяцідзесяцігадовы, саракаградусны, пяцідзесяціпрацэнтны, саракатонны, шматразовы, мнагалюдны, усемагутны; першай часткай якіх з’яўляюцца прыслоўі: моцнадзеючы (моцна дзейнічаць), лёгкапаранены (лёгка параніць), цяжкаўспрымальны (цяжка ўспрымаць), нізкарослы, высокаадукаваны, слабасалёны, добраўпарадкаваны, малапрыкметны; але: дыяметральна процілеглы (супрацьлеглы), чыста беларускі, яскрава вызначаны, выключна дасканалы, асабліва адказны, колькасна акрэслены, рэзка адмоўны, кепска ўзараны, усенародна абраны, выпадкова сустрэты, своечасова прыняты, адносна спакойны, бясконца глыбокі, матэрыяльна зацікаўлены; складаныя прыметнікі з дзвюх і больш лексічных частак, якія служаць для абазначэння навуковых і тэхнічных паняццяў: старажытнаўсходнеславянскі, правабярэжназаходнебугскі, старабеларускамоўны, індаеўрапейскі.

  2. Пішуцца праз злучок складаныя прыметнікі: утвораныя ад складаных назоўнікаў, якія пішуцца праз злучок: вакуум-насосны, генерал-губернатарскі, унтэр-афіцэрскі, ліберал-дэмакратычны, давыд-гарадоцкі, санкт-пецярбургскі і інш.; часткі якіх абазначаюць разнародныя назвы адпаведнай прыкметы: прыродна-гаспадарчы, жыллёва-будаўнічы, аграрна-сыравінны, лячэбна-працэдурны, таварна-грашовы, электронна-вылічальны, навукова-тэхнічны, грамадска-палітычны, сусветна-гістарычны, народна-вызваленчы, сярэдне-верхні, прытарна-салодкі і інш.; часткі якіх абазначаюць раўнапраўныя паняцці: рабоча-сялянскі, руска-беларускі; часткі якіх абазначаюць асаблівасці ці адценні разнароднай якасці: кісла-салодкі, жоўта-зялёны, горка-салёны, гучна-пявучы і інш.; часткі якіх абазначаюць напрамкі свету ў іх спалучэнні: паўночна-заходні; якія ўваходзяць у склад геаграфічных назваў з пачатковай часткай Усходне-, Заходне-, Паўднёва-, Паўночна-, Цэнтральна- і інш.: Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка, Заходне-Сібірская раўніна, Цэнтральна-Азіяцкі рэгіён і інш.; пачатковай часткай якіх з’яўляюцца лічба або літара любога алфавіта: 1000-гадовы, 5-павярховы, Т-падобны.

  3. Складаныя прыметнікі, утвораныя ад складаных уласных імёнаў са злучком, калі яны маюць прыстаўку, пішуцца разам: заісыккульскі, перадцяньшанскі.

  4. Складаныя прыметнікі з пачатковай часткай ваенна- пішуцца разам: ваеннапалонны, ваеннапалявы, ваеннаабавязаны.

Запосціць
Адправіць