Правільна!

Прыстаўныя і ўстаўныя зычныя §14

  1. Прыстаўная літара в пішацца перад націскным о: у пачатку слоў: во́зера, во́льха, во́сень, во́спа, вось, во́кны, во́тчына, во́йкаць, во́бад, во́рыва, во́блака, во́бласць, во́страў, Во́гненная Зямля, Во́льга і інш., у вытворных ад іх словах пасля прыставак: абво́страны, адво́рваць, паво́йкаць, уво́сень; але: о́каць (і вытворныя ад яго), о́дум. Пры змене месца націску о пераходзіць у а і прыстаўная в у гэтых словах не пішацца: абады́, азёрны, асе́нні; перад прыстаўкамі о-, об-, од- (от-): во́кіс, во́кісел, во́клік, во́кліч, во́крык, во́пыт, во́піс, во́бземлю, во́бмацкам, во́быск, во́дгалас, во́дгук, во́ддаль, во́дзыў, во́дпаведзь, во́дпуск, во́дсвет, во́дступ, во́труб’е і інш., а таксама наво́бмацак, наво́ддалек, паво́дле, наво́дшыбе і інш.; у запазычаных словах: во́хра, во́цат і вытворных ад іх: во́хрыць, паво́хрыць, вóцатнакі́слы і інш.

  2. У словах во́ка, во́стры, во́сем, вако́л і вытворных ад іх прыстаўная в захоўваецца незалежна ад месца націску: вачэ́й, вача́мі, заво́чны, увачаві́дкі, уваччу́; вастры́ць, вастрыня́, завастрэ́нне; васьмёра; вако́ліца, навако́лле, вако́лічны.

  3. Перад націскным о у сярэдзіне некаторых слоў пішацца ўстаўная літара в: ніво́дзін, Ляво́н, Ляво́нчанка, Радзіво́наў і інш.

  4. Прыстаўная літара в не пішацца ў запазычаных словах і некаторых уласных імёнах і назвах перад пачатковым націскным [о]: о́пера, о́перны, о́да, о́рдэн, о́фіс, Оксфард, Ом, Омск, Орша і інш.

  5. Прыстаўная літара в пішацца: перад каранёвым у ў пачатку слоў: ву́гал, ву́да, ву́галь, вуж, ву́зел, ву́зы, ву́ліца, вунь, вус, ву́сны, ву́ха, ву́чань, а таксама ў вытворных ад іх словах незалежна ад месца націску: абву́глены, каменнаву́гальны, чатырохвуго́льнік, заву́лак, наву́дзіць, вудзі́льна, вузлы́, вузлава́ты, вуса́ты, чарнаву́сы, вуса́ч, вучы́цца, наву́ка, навуча́льны, педвучы́лішча, вушэ́й, вуша́мі, завушні́цы, лапаву́хі, залатаву́ст і інш.; перад націскнымі прыстаўкамі у-, уз- (ус-): ву́праж, ву́згалаўе, ву́сцілка, ву́сціш, ву́сцішна.

  6. Устаўная літара в пішацца ў сярэдзіне слоў: перад націскным у: паву́к, ціву́н, караву́л, есаву́л, а таксама ў вытворных ад іх словах незалежна ад месца націску: павукі́, павуці́нне, павучо́к; цівуно́м; караву́льны; есаву́льскі; перад у ва ўласных імёнах і геаграфічных назвах: Матэвуш, Навум, Навумаўка, Тадэвуш.

  7. Прыстаўная літара в не пішацца перад націскным пачатковым у: у запазычаных словах: у́льтра, ультрафіяле́тавы, у́нтэр, у́нікум, у́нія, у́рна; але: ву́стрыца; ва ўласных імёнах і назвах: Ульяна, Ула, Умань, Уздзенскі раён, Узда, Урал, Узбекістан, Украіна, Ушачы, Уэльс і інш.

  8. Прыстаўная літара г пішацца ў займенніках гэты, гэтакі, гэтулькі і ў прыслоўях гэтак, гэтаксама, дагэтуль, адгэтуль. З прыстаўной літарай г пішуцца выклічнікі: гэй, го, га.

Запосціць
Адправіць