Некаторыя cпалучэнні зычных §13
У асобных словах адбылося спрашчэнне груп зычных: гістарычныя спалучэнні здн, згн, стн, скн, стл, рдн вымаўляюцца як зн, сн, сл, рн, што і адлюстроўваецца на пісьме:
здн – зн: праязны, выязны (параўн.: прыезд, выезд), позна, спазніцца, Познышаў;
згн – зн: бразнуць (параўн.: бразгаць);
стн – сн: бязлітасны (параўн.: літасць), пачэсны (параўн.: чэсць), ненавісны (параўн.: нянавісць), існаваць (параўн.: істота), скарасны (параўн.: скорасць), колькасны (параўн.: колькасць), абласны (параўн.: вобласць), капусны (параўн.: капуста), посны (параўн.: пост), гуснуць (параўн.: густы, гусцець), абвесны (параўн.: абвестка, абвясціць), месны (параўн.: змястоўны, месца); тое ж у запазычаннях: кантрасны (параўн.: кантраст), кампосны (параўн.: кампост), фарпосны (параўн.: фарпост);
скн – сн: бліснуць (параўн.: бліскаць, бліскавіца, бляск), пырснуць (параўн.: пырскаць), пляснуць (параўн.: пляскаць), ляснуць (параўн.: ляскаць), трэснуць (параўн.: трэскаць); але: віскнуць, націскны;
стл – сл: жаласлівы (параўн.: жаласць), шчаслівы (параўн.: шчасце), карыслівы (параўн.: карысць), няўрымслівы (параўн.: урымсціцца), помслівы (параўн.: помста), паслаць (параўн.: пасцялю, пасцель);
рдн – рн: міласэрны, міласэрнасць (параўн.: сардэчны).Спалучэнні зычных ск, ст, c’ц’ на канцы кораня слова могуць чаргавацца з шч, што і перадаецца на пісьме: воск – вашчыць, густы – гушчар, хрысціць – хрышчоны. Калі каранёвае с стаіць побач з суфіксальным к, якое можа чаргавацца з ч, то спалучэнне гукаў [с] і [ч] (у вымаўленні – [шч]) перадаецца як сч. Напісанне сч захоўваецца і ва ўсіх вытворных словах: пясчынка, пясчанік, супясчаны, супясчанік, брусчатка.
Спалучэнне зычных дт на канцы слоў іншамоўнага паходжання перадаецца праз т: Гумбальт, Кранштат, Брант, Рэмбрант, Шміт, Клот, фарштат.