Прыстаўныя галосныя і, а §8
Прыстаўная галосная і пішацца:
у пачатку слова перад спалучэннямі зычных з першай літарай м: імшара, імчаць, імгла, імгненне, імклівы;
у пачатку некаторых слоў перад спалучэннямі зычных з першымі літарамі р, л, калі слова з такімі спалучэннямі зычных пачынае новы сказ або стаіць пасля знака прыпынку ці слова, што заканчваецца на зычную: іржа, іржаць, ірдзенне, ірваць, іржышча; ілгун, ільдзіна.Іржуць коні, калёсы скрыпяць ад Дона да Буга (Я.Купала).
Часамі на цэлыя кіламетры рассцілалася дарога роўным, нібы выбеленым на сонцы, ільняным палатном (Я.Колас).
Калі слова з такім пачатковым спалучэннем зычных стаіць пасля слова, якое заканчваецца на галосную, і пасля яго няма знака прыпынку, то прыстаўная літара і не пішацца:Азалаціла восень поле ржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі (К.Чорны).
Люблю я прыволле шырокіх палёў, зялёнае мора ржаных каласоў… (Я.Колас).
У некаторых словах можа з’яўляцца прыстаўная галосная а: імшара і амшара, іржаны і аржаны, іржышча і аржанішча.
Пасля прыставак і першай часткі складанага слова, якія заканчваюцца на галосную, прыстаўныя літары і і а перад р, л, м не пішуцца: заржавець, заржаць, зардзецца, замглёны, замшэлы, прымчацца, вокамгненна.