Правільна!

Коска пры словах і спалучэннях слоў, якія ўдакладняюць або абмяжоўваюць значэнне іншых слоў у сказе §51

  1. Коскамі выдзяляюцца акалічнасці, выражаныя словамі і спалучэннямі слоў са значэннем месца, часу, спосабу дзеяння і інш., якія стаяць побач і ўдакладняюць, канкрэтызуюць ці ўзмацняюць сэнс папярэдніх слоў, што маюць больш шырокае значэнне.
    Напрыклад:

    Тут, на высокай і даволі прасторнай пляцоўцы, і знайшло сабе ціхі прыпынак сяло Верхань (Я.Колас).
    За дваром, на бярозах, была пасека – больш за дзясятак ліпавых вулляў (М.Лупсякоў).
    Адтуль, недзе з-за ўзгорка, даносіліся невыразныя, як бы прыглушаныя, гукі (К.Крапіва).
    А было гэта тыдзень таму, у нядзелю, пад вечар (Я.Брыль).

  2. Калі другая акалічнасць мае больш шырокае значэнне, чым папярэдняя, то яна не ўдакладняе, а толькі паясняе папярэднюю і коскамі не выдзяляецца.
    Напрыклад:

    Зусім інакш ішло жыццё ў сасняку за горадам, дзе быў штаб фронту (І.Мележ).
    Яшчэ зранку на другі дзень па вёсцы панеслася чутка пра гэта здарэнне.

  3. Калі другая акалічнасць у адносінах да папярэдняй мае больш вузкае значэнне, але па сэнсе і інтанацыйна не выдзяляецца, то паміж імі коска не ставіцца.
    Напрыклад:

    А там за возерам, як струнка, пралегла роўненька чыгунка (Я.Колас).
    На балоце паабапал дарогі раслі кусты лазы і алешніку (Я.Колас).
    Дзялілі лужок найчасцей у нядзелю пад вечар (Я.Брыль).

  4. Калі ў сказе стаяць побач адна за адной тры і больш акалічнасці, з якіх наступная ўдакладняе папярэднюю, але апошняя не мае ўдакладняльнага значэння, то пасля яе коска не ставіцца.
    Напрыклад:

    Там, на ўзлессі, на высокім дрэве з разгалістай кронай у гняздзе шчабяталі птушаняты.

  5. У творах мастацкай літаратуры і ў перыядычным друку пры выдзяленні ўдакладняльных акалічнасцей з узмацняльным значэннем часам ужываецца працяжнік.
    Напрыклад:

    Стрэлы чутны толькі недзе далёка – у лесе (Я.Скрыган).

  6. Коскамі выдзяляюцца акалічнасці, выражаныя словамі і спалучэннямі слоў, якія ўдакладняюць, падкрэсліваюць значэнне папярэдняга прыметніка, займенніка і інш.
    Напрыклад:

    З яснага, без адзінай хмурынкі, глыбокага неба россыпам зорак свяціў поўны месячык (І.Шамякін).
    Крыху далей стаяла невялікая, хат на дзесяць, вёсачка (
    Я.Сіпакоў).
    Хвалістыя, доўгія, ледзь не ў пояс, валасы… былі незвычайнага, попельнага колеру (Т.Бондар).

  7. Коскамі выдзяляюцца спалучэнні слоў і асобныя словы, якія ўдакладняюць або абмяжоўваюць, выдзяляюць ці ўзмацняюць сэнс папярэдніх ці наступных слоў, далучаючыся да іх непасрэдна або пры дапамозе выразаў у тым ліку, у тым ліку і, апрача (апроч), акрамя, амаль, за выключэннем, галоўным чынам, па прозвішчы (па мянушцы і інш.), гэта значыць, так званы, або, ці (у значэнні «гэта значыць»), асабліва, нават, напрыклад, як, у прыватнасці, і ў прыватнасці, і прытым і інш.
    Напрыклад:

    Усе палешукі, у тым ліку і стараста, пісаць не ўмелі (Я.Колас).
    Вада ў Нёмане, нават каля берага, не ідзе, здаецца, а бяжыць (Я.Брыль).
    Усе птушкі, і нават непаседлівыя крыклівыя вераб’і, схаваліся ад навальніцы (Я.Маўр).
    Добра памагае падбел супроць падагры, ці, як цяпер кажуць, адкладання солі (В.Вольскі).

  8. Калі спалучэнні слоў з апрача, акрамя і іншымі маюць пры сабе ўзмацняльную часціцу і, то яны звычайна коскамі не выдзяляюцца.
    Напрыклад:

    Пабываў ля крыніцы нехта і акрамя нас.

Запосціць
Адправіць