Правільна!

Галосныя ў складаных словах

Правапіс літар а, о, э ў складаных словах §5

  1. У складаных словах можа быць адзін асноўны і адзін або некалькі пабочных націскаў. Калі ў другой частцы складанага слова націск на першым складзе, то ў першай частцы замест о пішацца а: дабрадзе́й, скарахо́д, салява́р, дабрая́касны, галавало́мка, вадасхо́вішча, малатабо́ец, бамбасхо́вішча, раўнапра́ўе. Літара о захоўваецца ў складаных словах, першай часткай якіх з’яўляюцца слова-, што-, фота-, мота-: словафо́рма, словатво́рчасць; штодзённы, штоме́сяц, штого́д; фотазды́мак, фотако́пія, фотаплёнка, фотака́мера, фотавы́стаўка і г.д.; але: фатагра́фія і вытворныя ад яго; мотаго́нкі, мотакро́с, мотаспо́рт і г.д.; але: матаво́з, матацы́кл і вытворныя ад іх.

  2. Калі ў другой частцы складанага слова націск не на першым складзе, то ў першай частцы захоўваецца о: аснóвапалажэ́нне, бавóўнапрадзі́льны, вóгнетрыва́лы, вóдаразмеркава́льнік, вагóнарамо́нтны, вóстракамбінацы́йны, высóкаідэ́йны, галóўнакама́ндуючы, кóрманарыхто́ўка, кóнегадо́ўля. У першай частцы некаторых складаных слоў, асабліва навуковых тэрмінаў, можа выразна праяўляцца пабочны націск і тады, калі асноўны націск падае на першы склад другой часткі. У такім выпадку пад пабочным націскам у першай частцы захоўваецца напісанне о: агóрафо́бія, азóнасто́йкі, азóтнакі́слы, збóжжасхо́вішча, кóксага́завы, мангóлазна́ўства, мóвазна́ўства, мóвазна́ўчы, матóразбо́рка, рабóтада́вец, слóватво́рчасць, фóндасхо́вішча і інш. Ва ўсіх іншых выпадках напісанне падобных слоў вызначаецца па слоўніку.

  3. Літара о пішацца ў першай частцы складаных слоў, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): марозаўсто́йлівы, торфаўбо́рачны, вогнеўсто́йлівы, збожжаўбо́рка.

  4. Лічэбнікі ад 600 да 800 утвараюць асобны тып складаных слоў, у якіх першая частка скланяецца і пішацца як самастойнае слова. Напрыклад: Н. шэсцьсот семсот восемсот Р. шасцісот сямісот васьмісот Д. шасцістам сямістам васьмістам В. шэсцьсот семсот восемсот Т. шасцюстамі сямюстамі васьмюстамі М. (аб) шасцістах сямістах васьмістах

  5. Гук [э] ў першай частцы складаных слоў захоўваецца і абазначаецца літарай э: мэтанакіраваны, мэтазгодна, рэдказубы, шэравокі, арэхападобны, крэдытаздольнасць, тэлебачанне.

  6. У складаных словах, утвораных ад лічэбніка ў форме роднага склону і іншага слова, першая частка пішацца так, як яна пішацца ў родным склоне лічэбніка: трохдзённы, чатырохпавярховы, шасціствольны, шасцісоты, пяцідзёнка, дзесяцігодка, сямікласнік, васьмігадовы, васьмісоты, дзевяціградусны, саракагоддзе, саракапяцітонны, двухсотметровы.

  7. Калі складаныя словы маюць у сваім складзе больш за дзве часткі, то кожная з іх пішацца як асобна ўзятае слова: авіяматорабудаванне, аўтатрактарабудаванне, аэрафотапрыбор.

Правапіс е, ё, я ў складаных словах §7

  1. У першай частцы складанага слова літара е захоўваецца незалежна ад таго, на якім складзе націск у другой частцы: сенакасі́лка, серпадзю́б, верхнеазёрскі, белабры́сы, землетрасе́нне, светапо́гляд, свежавы́мыты, свежамаро́жаны, сенажа́ць. Калі першай часткай складаных слоў з’яўляецца аснова велік-/вялік-, напісанне літар е або я залежыць ад таго, які склад у другой частцы націскны: калі першы – пішацца е, калі другі – пішацца я: велікаду́шны, велікару́скі, велікаму́чанік, велікасве́цкі; Вялікабрыта́нія, вялікадзяржа́ўны, вялікагало́вы.

  2. У першай частцы складанага слова літара ё захоўваецца пры націску не на першым складзе другой часткі і замяняецца на е, калі націск на першым складзе другой часткі: лёгкаатлеты́чны, лёдадрабі́лка, мёртванаро́джаны, мёдаварэ́нне; ледарэ́з, медаго́нка, легкаду́мна.

  3. У складаных словах злучальныя галосныя о, ё пішуцца толькі пад націскам, галосная а – у любым ненаціскным складзе: ільновалакно́, Вадо́хрышча, куро́дым, часо́піс, геліёграф, марозаўсто́йлівы, прыборабудаўні́чы.

  4. Злучальная галосная е ў складаных словах пераходзіць у я, калі націск на першым складзе у другой частцы складанага слова: баяздо́льны, зернясхо́вішча, земляро́б, жыццяра́дасны, крывятво́рны; але: боепрыпа́сы, жыццеапіса́нне, землекарыста́нне, зернебабо́вы. Злучальная галосная е ў складаных словах захоўваецца, калі другая частка пачынаецца з ў (у нескладовага): зернеўбо́рачны, вогнеўсто́йлівы. Складанаскарочаныя словы пры напісанні звычайна разглядаюцца як простыя словы з адным націскам: зямфо́нд, лясга́с.