Агульныя правілы напісання разам, праз злучок і асобна §34
-
Пішуцца разам: складанаскарочаныя словы і вытворныя ад іх: прадмаг, газпрам, журфак, прадмагаўскі, газпрамавец і інш.; складаныя словы і вытворныя ад іх з пачатковымі іншамоўнымі часткамі авія-, агра-, астра-, аўдыя-, аўта-, аэра-, бія-, варыя-, вела-, відэа-, гама-, геа-, грам-, заа-, кіна-, макра-, медыя-, мота-, неа-, палеа-, радыё-, сацыя-, спарт-, стэрэа-, танц-, тэле-, фота-, электра- і інш.: авіябілет, аграхімія, аўтаматакрос, аўдыявізуальны, аэрафотаздымка, біяабарона, варыяфільм, веласпорт, відэафільм, геапалітычны, гамагенны, грамзапіс, заапарк, кінастужка, макрадэфармацыя, медыятэкст, мотабол, неалітычны, палеаантраполаг, радыёхваля, спартбаза, стэрэакіно, танцклас, тэлебачанне і інш.; словы з пачатковай часткай поў- (паў-): поўнач, поўдзень, паўгоддзе, паўлітра, паўсвету, паўлыжкі, паўста, паўсотня, паўчвэрткі, паўчвэртка, паўчвэрці, паўлімона, паўяблыка, паўтары, паўтара, паўсукно, паўпаліто, паўаршына і інш. Калі скарочаная ці падобная да прыстаўкі частка слова далучаецца да ўласнай назвы, яна пішацца праз злучок: паў-Слуцка, паў-Ратамкі; словы з прыстаўкамі і падобнымі да прыставак пачатковымі часткамі: а-, анты-, арта-, архі-, гіпер-, дыс-, дэз-, звыш-, інтэр-, інфра-, квазі-, контр-, мета-, між-, мілі-, пан-, паст-, псеўда-, сін-, супер-, транс-, ультра-, экс-, экстра- і інш.: алагізм, антыгуманны, архіважны, гіперправоднасць, дыстрафія, дэзактывацыя, звышгукавы, інтэрнацыянальны, інтраспектыўны, інфрачырвоны, квазізоркавы, контрагент (выключэнне: контр-адмірал), метатэза, міжраённы, міліметр, панславізм, пангерманскі, пастфактум, пастпазіцыя, псеўданародны, сінгармонія, супермаркет, трансатлантычны, ультрамодны, экстэрытарыяльны, экстраардынарны і інш.; складаныя словы, першай часткай якіх з’яўляюцца лічэбнікі: васьмітысячнік, двухбаковы, двухзначнасць, двухколка, двухмоўе, двухрогі, двухногі, двуххвостка, двухрадкоўе, трыццацідвухгадовы, двухтысячагоддзе, сямісотпяцідзесяцігоддзе, чатырохразовы, аднагодкі, адзінакроўны, дванаццаціпавярховы, дзесяціпрацэнтны, а таксама двукоссе, двукроп’е.
-
Пішуцца праз злучок утварэнні, якія з’яўляюцца: паўторам слова для ўзмацнення яго значэння: сіні-сіні, ледзь-ледзь, горача-горача, хто-хто, ён-ён, хадзілі-хадзілі, а таксама ціп-ціп-ціп, го-го, трэсь-трэсь; паўторам слова ў іншай лексіка-граматычнай форме: мама-мамуся, братка-брацейка, сама-саменька, як-ніяк, хто-ніхто, што-нішто, дзе-нідзе, калі-нікалі, каму-нікаму, сам-насам, крыж-накрыж, раз-пораз; спалучэннем блізкіх або супрацьлеглых па значэнні слоў: шум-гам, паіць-карміць, бацька-маці, хлеб-соль, рукі-ногі, шыта-крыта, больш-менш, сям-там, сяк-так, сёй-той, сюды-туды, сёння-заўтра, год-два, тры-чатыры, жыў-быў, бокам-скокам, а таксама пусці-павалюся, узвей-вецер, гуляй-вецер.
-
Пішуцца праз злучок складаныя словы, першай (або апошняй) часткай якіх з’яўляецца: літара або літарная абрэвіятура любога алфавіта: К-мезон (ка-мезон), α-часціца (альфа-часціца), ЗВЧ-разрад, ДНК-залежны, Q-код (кю-код), π-падобны (пі-падобны); лічба любога злічэння: 50-годдзе, 12-павярховы, 60-гадовы, 3-працэнтны, алімпіяда-97, мода-2008.
-
Пішуцца праз злучок літарныя скарачэнні складаных слоў: с.-г. – сельскагаспадарчы, с.-д. – сацыял-дэмакратычны, ст.-сл. – стараславянскі, і.-е. – індаеўрапейскі. Злучок («вісячы дэфіс») ставіцца пасля першай часткі складанага слова (лічбы), калі другая частка апускаецца ў сувязі з наяўнасцю такой часткі ў наступным аднародным з ім складаным слове: газа- і водалічыльнік, сацыяльна- і культурназначны, фосфар- і серазмяшчальны, тэле- і радыёвяшчанне, адна-, двух- і трохвалентны, 5-, 10- і 12-павярховы.