Правільна!

Вялікая літара ў назвах з двукоссем §33

  1. З вялікай літары пішуцца ў двукоссі:
    аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах арганізацый: адкрытае акцыянернае таварыства «Камунарка», рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Мінскі трактарны завод», установа «Рэдакцыя газеты «Рэспубліка», кінатэатр «Перамога», гасцініца «Юбілейная», рэстаран «Журавінка», кафэ «Світанак», кандытарскі магазін «Ласунак», кнігарня «Слова», рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», спарткомплекс «Раўбічы», санаторый «Крыніца», турбаза «Дняпро», медыцынская служба «Хуткая дапамога», Беларускі рэспубліканскі фонд «Узаемаразуменне і прымірэнне», студыя «Сябры», установа адукацыі «Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка»;
    аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах перыядычных выданняў, кніг, атласаў, карт і інш.: часопіс «Полымя», газета «Звязда», вілейская раённая газета «Шлях Перамогі», інфармацыйны бюлетэнь «Беларусіка», летапіс «Хроніка Быхаўца», даведнік «Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», кніга «Літоўскі статут», перыядычнае даведачнае выданне «Летапіс друку», карта «Рэспубліка Беларусь»;
    аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах літаратурных, публіцыстычных, навуковых твораў, твораў розных галін мастацтва і інш.: паэма Якуба Коласа «Новая зямля», камедыя Янкі Купалы «Паўлінка», верш М.Багдановіча «Слуцкія ткачыхі», песня «Ой, рэчанька», кінафільм Э.Клімава «Ідзі і глядзі», карціна В.К.Бялыніцкага-Бірулі «Зазелянелі беларускія бярозкі», габелен Г.Ю.Юзеевай-Шаблоўскай «Жанчыны Палесся», акварэль М.Л.Тарасікава «Букет бэзу», опера А.В.Багатырова «У пушчах Палесся», танец «Лявоніха», казка «Сцяпан – вялікі пан»;
    аднаслоўныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў побыту, прамысловых і прадуктовых тавараў: набор мэблі «Вязынка», зубная паста «Лясная», пральны парашок «Ветразь», хлеб «Водар», сыр «Нарач», цукеркі «Крыжачок»;
    назвы вытворчых марак тэхнічных вырабаў (машын, механізмаў, прылад, збудаванняў і інш.) бяруцца ў двукоссе і пішуцца з вялікай літары: аўтамабіль «Жыгулі», камбайн «Ніва», трактар «Беларус», тэлевізар «Гарызонт», іанізатар «Аніён-40Т», радыёпрыёмнік «Селена-403». Назвы саміх вырабаў (акрамя назваў, што супадаюць з асабовымі і геаграфічнымі назвамі) пішуцца ў двукоссі з малой літары: «масквіч», «вольва», «боінг» (самалёт), «гарызонт» (тэлевізар); але: «Мінск» (халадзільнік), «Волга» (аўтамабіль).
Запосціць
Адправіць