Вялікая і малая літары ў назвах дакументаў, іх зводаў, унікальных прадметаў, твораў §31
-
З вялікай літары пішуцца: аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах важнейшых дзяржаўных і міжнародных дакументаў, пагадненняў, актаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, іх зводаў: Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Закон Рэспублікі Беларусь «Аб адукацыі», Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб узнагароджанні мнагадзетных маці ордэнам Маці», Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб судаўладкаванні і статусе суддзяў, Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, Статут Вялікага Княства Літоўскага, Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, Літоўская метрыка; але: распараджэнне (пратакол даручэнняў) Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь; аднаслоўныя ўласныя назвы і першае слова ў састаўных назвах прадметаў мастацтва і іншых адзінкавых і ўнікальных прадметаў, твораў, іх зводаў: Дзявятая сімфонія Бетховена, Венера Мілоская, Янтарны пакой, Алмазны фонд, Біблія, Стары Запавет, Каран, Талмуд.
-
З малой літары пішуцца агульныя назвы стыляў у мастацтве і архітэктуры: барока, ракако, готыка, ампір, мадэрн.