Правільна!

Вялікая і малая літары ў геаграфічных і астранамічных назвах §27

  1. З вялікай літары пішуцца: уласныя назвы прыродных геаграфічных аб’ектаў: кантынентаў, гор, рэк, азёраў, лясоў, балот і інш.: Еўразія, Антарктыда, Аўстралія; Альпы, Кардыльеры; Манблан, Арарат; Везувій, Фудзіяма; Дняпро (Днепр), Нёман, Прыпяць; Вікторыя, Ківач; Нарач, Свіцязь; Гібралтар, Басфор; Тайвань, Готланд, Сахалін; Таймыр; Сахара, Гобі; Акіянія, Адрыятыка; Палессе, Панямонне, Задняпроўе; Струціна, Бель; Вялле, Ельня, Налібокі; Кручок, Альховец; уласныя назвы краін, іх аб’яднанняў і частак, паселішчаў і іх частак, урочышчаў: Беларусь, Кітай; Бенілюкс, Антанта; Запарожжа, Сібір; Міншчына, Лепельшчына, Случчына, Навагрудчына; Мінск, Токіа, Мазыр, Орша; Вязынка, Мікалаеўшчына, Слабада; Вал, Падол, Зарэчча, Цэнтр; Усход, Вяснянка, Зялёны Луг; Ляды, Паддуб’е; Цагельня, Царковішча, Кальварыя; Ніўкі, Камяніца; уласныя назвы астранамічных аб’ектаў: Андрамеда; Стажары, Валапас; Сонца, Вега; Зямля, Юпітэр; Месяц, Фобас; назвы напрамкаў свету ў пераносным значэнні назваў адпаведнай групы краін або тэрыторыі: Захад (краіны заходняй часткі Еўропы разам з ЗША), Усход (азіяцкія краіны), народы Поўначы; пачатковая службовая частка ў іншамоўных уласных геаграфічных назвах, якая пішацца з імі праз злучок: Дан-Лэры (горад), Дэ-Кастры (горад), Ла-Пампа (правінцыя), Ла-Манш (праліў), Лос-Анджэлес (горад); іншамоўныя родавыя агульныя назвы ў складаных уласных геаграфічных назвах: Рыа-Грандэ (рыа – рака), Лоб-Нор (нор – возера), Ісык-Куль (куль – возера), Пуэрта-Рыка (пуэрта – порт); часткі складаных уласных геаграфічных назваў, што пішуцца праз злучок (назоўнікі, прыметнікі): Аўстра-Венгрыя, Эльзас-Латарынгія, Давыд-Гарадок, Брэст-Літоўскі, Буда-Кашалёва, Мінск-Мазавецкі, Картуз-Бяроза; першае слова ў састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах: Атлантычны акіян, Ціхі акіян, Паўночны полюс, Балтыйскае мора, Мінскае мора, Берынгаў праліў, Белае возера, Асіповіцкае вадасховішча, Лысая гара, Бярэзінскі біясферны запаведнік, Палярная зорка; усе часткі складанага прыметніка ў састаўных уласных назвах, калі такія часткі пішуцца праз злучок: Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Мінска-Маладзечанскае ўзвышша, Дняпроўска-Бугскі канал, Паўночна-Заходні край; усе знамянальныя словы ў афіцыйных уласных назвах дзяржаў і іх аб’яднанняў: Рэспубліка Беларусь, Садружнасць Незалежных Дзяржаў, Расійская Федэрацыя, Злучаныя Штаты Амерыкі, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Арабская Рэспубліка Егіпет, Кітайская Народная Рэспубліка, Дзяржава Кувейт, Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае; усе знамянальныя словы ў вобразных састаўных уласных геаграфічных і астранамічных назвах, калі гэтыя ўласныя назвы ўжываюцца без агульнай родавай назвы: Стары Свет (краіны Еўропы і Азіі), Блізкі Усход, Чорная Афрыка, Крайняя Поўнач, Старыя Дарогі (горад), Зямля Каралевы Мод, Дзікі Захад (у ЗША); у назоўным і родным склонах у спалучэнні з агульнай родавай назвай: туманнасць Конская Галава, бухта Залаты Рог, астравы Паўночная Зямля, праліў Матачкін Шар; мыс Добрай Надзеі, астравы Каралевы Шарлоты, заліў Святога Лаўрэнція.

  2. З малой літары пішуцца: агульныя родавыя назвы геаграфічных, астранамічных і іншых падобных аб’ектаў у складзе ўласных назваў: Афрыканскі кантынент, Атлантычны акіян, Уральскія горы, гара Казбек, рака Вілія, возера Свіцязь, пустыня Сахара, Белавежская пушча, зорка Венера, Лагойскі тракт, вуліца Касманаўтаў, праспект Незалежнасці, плошча Перамогі, Князь-возера, Сапун-гара; службовыя часткі ў складзе састаўных уласных геаграфічных найменняў: Франкфурт-на-Майне, Рыа-дэ-Жанэйра, Па-дэ-Кале, Булонь-сэр-Мэр, Сьера-дэ-лас-Мінас, Дар-эс-Салам, Салам-і-Гомес.

Запосціць
Адправіць