Нескладовае ў і у складовае §15
-
Нескладовае ў пішацца згодна з беларускім літаратурным вымаўленнем пасля галосных: пры чаргаванні [у] з [ў]: у пачатку слова (калі гэта слова не пачынае сказ і перад ім няма знакаў прыпынку): на ўвесь дзень (ад усіх), моцны ўдар (ад удару), хацела ўзяць (хацеў узяць), сонца ўзімку (месяц узімку), крыкі «ўра» (крык «ура»), для ўніята (з уніятам), ва ўніверсітэце (перад універсітэтам), на ўзвей-вецер (сцяг узвіўся), ледзьве ўчуў (раптам учуў); у сярэдзіне слова пасля галосных перад зычнымі: аўдыенцыя, саўна, фаўна, аўдыякасета, аўра, даўн, джоўль, каўчук, маўзер, маўр, паўза, раўнд; але: траур; пры чаргаванні [л] з [ў]: даў, мыў, казаў, змоўклі, воўк, шоўк, шчоўк, поўны, коўзкі, моўчкі, паўметра, боўтаць; але: палка, памылка, сеялка, Алдан, Алжыр, Албанія, Волга, Валдай, Балгарыя; пры чаргаванні [в] з [ў]: лаўка (лава), крыўда (крывы), зноўку (новы), аўса (авёс), бацькаў (бацькавы), кроў (крыві), любоў (любові), кароў (карова), гатоў (гатовы), аўчына, аўторак, каўбой, аўгур, Аўстрыя, Аўдоцця, Аўрора, Каўказ, Боўш, Роўда, аўгіевы стайні; але: краіна В’етнам, рака Влтава, армія В’етконга, змаганне за В’енцьян. У канцы запазычаных слоў ненаціскное у не скарачаецца: фрау, Шоу, Ландау, Каратау, Дахау, Цеміртау, ток-шоу, ноу-хау.
-
Гук [у] пад націскам не чаргуецца з [ў]: да у́рны, Брэсцкая у́нія, групоўка у́льтра, норма і у́зус, насілі у́нты, чулася у́ханне, ау́л, бау́л, ау́каць, у выклічніках у (у, нягоднікі!), ух (ух ты!), уй (уй, які смешны!).
-
Гук [у] не чаргуецца з [ў] у запазычаных словах, якія заканчваюцца на -ум, -ус: прэзідыум, кансіліум, радыус, страус, соус і вытворных ад іх.
-
Гук [у] на пачатку ўласных імён і назваў заўсёды перадаецца вялікай літарай У складовае без надрадковага значка: ва Узбекістан (для ўзбекаў), на Уральскіх гарах (на ўральскіх дарогах), на Украіне (за ўкраінцаў), за Уладзіміра, каля Уладзіслава, да Усяслава.