Правапіс звонкіх і глухіх зычных §11
-
Чаргаванне звонкіх і глухіх зычных (акрамя прыставачнага з) на пісьме не адлюстроўваецца. Для праверкі правільнасці напісання звонкіх і глухіх зычных трэба змяніць слова ці падабраць іншае аднакаранёвае слова, каб пасля зычнага, які патрабуе праверкі, быў галосны або зычныя р, л, м, н, в: рыбка – рыба, магчы – магу, кладка – кладак, даведка – даведацца, дзядзька – дзядзечка, хадзьба – хадзіць, казка – казаць, важкі – важыць, просьба – прасіць, касьба – касіць, носьбіт – насіць, малацьба – малаціць, рубчык – рубец, паўзці – паўзу, малодшы – малады; хлеб – хлеба, рог – рога, дзед – дзеда, поезд – поезда, роўнядзь – роўнядзі, сядзь – сядзі, нож – нажа, маж – мажаш, лістаж – лістажу, воз – воза, мазь – мазі, дождж – дажджу, рэж – рэжу, а таксама розаг – розгі, мозг – мазгі, лязг – лязгаць, грыб – грыбны, грыбніца, бег – беглы, бегма, загадка – загадны, загадваць, ножка – нажны. Словы лязг, лязгаць маюць варыянты ляск, ляскаць.
-
Правапіс уласнабеларускіх і запазычаных слоў, у якіх напісанне звонкіх і глухіх зычных нельга праверыць, вызначаецца па слоўніку: футбол, баскетбол, вакзал, айсберг, струбцына, экзамен, Афганістан.