Зычныя літары §10
-
Для абазначэння зычных гукаў у беларускай мове выкарыстоўваецца 21 літара: б, в, г, д, ж, з, й, к, л, м, н, п, р, с, т, ў, ф, х, ц, ч, ш.
-
Асобныя гукі не маюць спецыяльных літар: афрыкаты [дж], [дз] і мяккі [дз’] перадаюцца на пісьме адпаведна спалучэннямі літар д і ж, д і з: хаджу, ваджу, ксяндзы, пэндзаль, хадзіў, вадзіў, дзюны, дзень, дзіва.
-
Гук [й] перадаецца або літарай й (на канцы склада пасля галосных: рэйка, май), або літарамі е, ё, і, ю, я, якія адпаведна абазначаюць спалучэнні гукаў [йэ], [йо], [йі], [йу], [йа] ў пачатку слова, пасля галосных, апострафа, раздзяляльнага мяккага знака і ў (у нескладовага): яма, ёмкі, ехаць, іней, юшка, маянэз, аб’ява, пад’ём, пад’ехаць, раз’юшаны, уецца, уюн, маёр, медальён, салаўі, салью, альянс, саўю.