Галосныя літары §1
-
У беларускім алфавіце 10 галосных літар: а, о, у, ы, э, е, ё, і, ю, я.
-
Літары а, о, э, у пішуцца ў пачатку слова і пасля цвёрдых зычных для абазначэння адпаведных галосных гукаў. Літара і пішацца ў пачатку слова, пасля зычных пішацца ы або і ў залежнасці ад цвёрдасці або мяккасці зычных. Літары е, ё, ю, я ў пачатку слова, у сярэдзіне слова пасля галосных, ў (у нескладовага), раздзяляльнага мяккага знака і апострафа абазначаюць на пісьме спалучэнне зычнага гука [й] з галоснымі [э], [о], [у], [а]: елка – [йэ]лка, юны – [йу]ны, яма – [йа]ма; паехаў – па[йэ]хаў, паёк – па[йо]к, саюз – са[йу]з; здароўе – здароў[йэ]; льеш – ль[йэ]ш; аб’езд – аб[йэ]зд, б’ю – б[йу], сям’я – сям[йа].
-
Літары я, ё, е, ю, і пасля зычных абазначаюць мяккасць зычных і адпаведныя галосныя гукі [а], [о], [э], [у], [і]: сяду – [с’а]ду, вязу – [в’а]зу, мёд – [м’о]д, лета – [л’э]та, люты – [л’у]ты, ліст – [л’і]ст.
-
Кропкі над літарай ё абавязковыя. Кропка над літарай і малой абавязковая. Над літарай І вялікай у друкаваных тэкстах кропка не ставіцца, а ў рукапісных тэкстах кропка абавязковая.